БЕЛ Ł РУС

Telegram пачне паказваць краіну, у якой зарэгістраваны акаўнт, і дату яго рэгістрацыі. Ці можа гэта быць небяспечным?

28.02.2025 / 18:21

Nashaniva.com

Змены, якія Павел Дураў анансаваў у ліпені 2024 года, увасабляюцца ў жыццё. Меры павінны найперш абараняць ад махляроў.

Фота з тэлеграм-канала @betainfo

Што здарылася?

Пра тое, што функцыя неўзабаве запрацуе, паведамілі профільныя тэлеграм-каналы. Яна з'явілася ў бэта-версіі кліента дла Android. Дураў анансаваў гэтыя змены яшчэ 24 ліпеня 2024.

Як яна працуе?

Калі вам упершыню піша чалавек, які не ў вашых кантактах, то ў дыялогу вам пакажуць тое, з якой краіны ягоны нумар, колькі ў вас агульных суполак і як даўно зарэгістраваны акаўнт.

Дэманстрацыя таго, як працуе новая функцыя ў тэлеграме

Праз нейкі час пасля таго, як вы пачняце дыялог, яно знікне. То-бок калі пішуць вам, то той, хто адпраўляе паведамленне, не бачыць вашых звестак. Таксама яны не бачныя ў выпадку, калі вы ўжо мелі дыялог з чалавекам раней.

Пасля звесткі знікаюць і больш, здаецца, ніколі не з'яўляюцца

Ідэя ў тым, каб звычайнаму карыстальніку прасцей было распазнаць махлярскі акаўнт. Сярод новаўвядзенняў — Telegram будзе паказваць час апошняй змены фота ў акаўнта, каб лягчэй было ідэнтыфікаваць людзей, якія пастаянна мяняюць звесткі, каб займацца махлярствам.

Ці можа гэта быць небяспечна?

Пакуль сказаць складана, але ў такім выглядзе мы не бачым новых вялікіх уразлівасцяў.

Адзіная праблема, якая можа ўзнікнуць тэарэтычна — калі спецслужбы будуць нейкім чынам правакаваць беларусаў, каб тыя пісалі ім першымі, і збіраць пра іх гэтыя звесткі. Але абараніцца ад гэтага нескладана — проста не пішыце першымі тым, у кім не пэўныя (найперш, выпадковым людзям з чатаў), але гэтага і так было рабіць не варта. То-бок радыкальна новыя рэкамендацыі па бяспецы тут даць цяжка.

З іншага боку, гэта можа быць карысным. Беларусам стане працей адрозніваць акаўнты спецслужбаў і махляроў — яны звычайна зарэгістраваныя зусім нядаўна. Але, вядома, панацэяй гэта не стане, бо, напрыклад, у ГУБАЗіКа ёсць уласная сетка старых і захопленых акаўнтаў.

Чытайце таксама:

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Як зарэгістраваць ананімныя акаўнты ў Telegram, сацсетках і іншых месенджарах — падрабязны гайд

Якія звесткі пра нас захоўвае Telegram і што можа змяніцца для карыстальнікаў, калі ён стане раскрываць іх спецслужбам?

Каментары да артыкула