БЕЛ Ł РУС

Пажыццёва зняволены кіраўнік Рабочай партыі Курдыстана заклікаў паплечнікаў скласці зброю

1.03.2025 / 0:9

Nashaniva.com

Лідар Рабочай партыі Курдыстана Абдула Аджалан, які ўжо больш за чвэрць стагоддзя знаходзіцца ў турэцкім зняволенні, выпусціў зварот, у якім заклікаў сваіх прыхільнікаў спыніць узброеную барацьбу супраць турэцкай дзяржавы і скласці зброю. Яго заяву зачыталі прадстаўнікі пракурдскай партыі «Роўнасці народаў і дэмакратыі».

Абдула Аджалан

У дакуменце ад імя Аджалана заяўляецца, што «патрабаванне незалежнага Курдыстана ці нават аўтаноміі больш не актуальныя».

«Я заклікаю [сваіх прыхільнікаў] скласці зброю і бяру на сябе гістарычную адказнасць за гэты заклік. Усе групы павінны скласці зброю, а РПК павінна самараспусціцца […] Галоўнае цяпер — умацаванне дэмакратыі і палітычнага плюралізму ў рамках Турэцкай Рэспублікі», — заявіў палітык.

Лідар узброенага крыла РПК Мурат Карайылан адмовіўся падпарадкоўвацца закліку Аджалана. Паводле ягоных слоў, курды з дапамогай зброі абараняюць сябе, а спыненне агню павінна быць двухбаковым.

Абдула Аджалан заснаваў Рабочую партыю Курдыстана ў 1978 годзе. З сярэдзіны 1980-х арганізацыя вядзе барацьбу супраць Турцыі. За мінулыя дзесяцігоддзі прыхільнікі партыі адышлі ад ідэі поўнай незалежнасці Курдыстана на карысць культурнай аўтаноміі і «дэмакратычнай трансфармацыі» Турэцкай Рэспублікі. Усяго ў канфлікце РПК і Турцыі загінулі больш за 40 тысяч чалавек.

Сам Абдула Аджалан быў арыштаваны турэцкімі ўладамі ў 1999 годзе і цяпер адбывае вынесены яму пажыццёвы прысуд у турме на востраве Імралы ў Мармуровым моры.

Чытайце таксама:

Турцыя нанесла ўдары па цэлях на поўначы Сірыі і Ірака

Народ пад бела-чырвона-белым сцягам, які нядаўна перажыў генацыд. Хто такія езіды?

Швецыя экстрадзіравала ў Турцыю першага курда

Каментары да артыкула