Туск: Польшча падтрымлівае Украіну без якіх-небудзь «але»
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў перад вылетам на саміт у Лондан, што Украіна можа разлічваць на падтрымку яго краіны без якіх-небудзь дадатковых умоў.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Фота: прэс-служба палітыка
Існуе «пэўная дылема ў тым, што пазіцыя ЗША па Украіне» не такая адназначная, як наша», сказаў Туск. «Але мы павінны гэтую дылему пераадолець», — дадаў ён, падкрэсліўшы, што цяпер у Польшчы выдатныя адносіны з ЗША, і яна будзе ўмацоўваць іх у далейшым.
Польшча пры гэтым стаіць на баку Украіны «без якіх-небудзь «але», заявіў Туск.
Ён таксама адзначыў, што падчас саміту прапануе павялічыць колькасць еўрапейскіх войскаў на ўсходнім флангу ЕС — у Фінляндыі, краінах Балтыі і Польшчы.
«Удумайцеся, як гэта гучыць: 500 млн еўрапейцаў просяць 300 млн амерыканцаў, каб яны абаранілі іх ад 130 млн расейцаў», — падкрэсліў Туск.
Пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны Польшча заставалася адным з самых адданых саюзнікаў Украіны. Сярод іншага праз тэрыторыю гэтай краіны паступае заходняя вайсковая падтрымка Кіеву, Польшча таксама прыняла блізу мільёна ўкраінскіх уцекачоў.