«З таго часу ў мяне няма зубоў, іх проста павыбівалі». Гісторыя беларусаў, якія ўцякалі праз лінію фронту і трапілі ў рукі расіян
4.03.2025 / 7:0
Каб выратавацца ад пераследу, Аляксандр Салангін і яго жонка Наталля Нейн збеглі з Беларусі, спрабавалі трапіць ва Украіну праз лінію фронту і галадалі ў чаканні эвакуацыі. «Наша Ніва» запісала гэту гісторыю.
Наталля і Аляксандр. Фота: архіў суразмоўцаў
Аляксандр змагаецца з ракам мачавога пухіра і не можа працаваць. «Байсол» абвясціў збор, каб дапамагчы пары — паўдзельнічаць можна тут.
«У 1994-м памежныя войскі прагаласавалі за Кебіча»
Аляксандр і Наталля разам ужо 12 гадоў, выхоўваюць дачку. Наталля нарадзілася ў Казахстане, але трапіла ў Беларусь разам са сваёй сям’ёй яшчэ ў дзяцінстве. Што да Аляксандра, ён гродзенец, але не карэнны — бацькі ў яго жывуць у Мінскай вобласці.
У мінулым Аляксандр — афіцэр-памежнік. Мужчына звольніўся са службы яшчэ ў канцы 1990-х, за 16 месяцаў да пенсіі. «У нас было іншае выхаванне, я з іншага пакалення афіцэраў», — тлумачыць, чаму не застаўся.
Салангін служыў у пункце Прывалка на мяжы з Літвой. Ён згадвае, што Лукашэнка моцна ганарыцца сваім мінулым у памежнай службе, але насамрэч ён не памежнік:
«Ён быў інструктарам камсамола ў Брэсцкім памежным атрадзе, і ў мяне ёсць знаёмыя, хто ведаў яго ў тыя часы. Мяжы той ён не бачыў. Калі былі выбары ў 1994-м, 98% памежных войскаў прагаласавалі за Кебіча ў другім туры, у нас была моцная агітацыя. Па-мойму, і армія галасавала за Кебіча, але гэта не спрацавала, і на хвалі народнай любові Лукашэнка праскочыў.
Мне бабуля казала тады — маўляў, ён жа добры, ён жа ад зямлі, наш. Пытаюся: «Цёця Аня, вы б свайго старшыню калгаса прызначылі прэзідэнтам?» Гэты — такі ж самы, але не верылі».
Пасля звальнення Аляксандр шмат дзе папрацаваў, пакуль не сустрэў Наталлю. Разам яны зладзілі бізнэс: арандавалі азёры, дзе вырошчвалі рыбу, ладзілі платную рыбалку.
Калі пачалася пандэмія, Аляксандр з Наталляй не засталіся ў баку. Пачулі пра тое, што адной з гродзенскіх бальніц патрэбная дапамога — пальчаткі, маскі, гаспадарчае мыла.
«Мы напісалі ў сябе на працы аб’яву, што патрэбная дапамога ў бальніцу. Рыбакі, хто мог, скідваліся, і мы шмат грошай тады ўклалі. Сабралі добрую суму, куплялі дапамогу і вазілі яе ў бальніцу», — успамінае Наталля.
Яны дапамагалі бальніцы амаль да восені 2020-га. Адзін з яркіх успамінаў — медык, які сустрэў іх у калідорах бальніцы ў простых гумавых ботах: маўляў, што рабіць, калі больш няма сродкаў абароны?
«Следчая казала, што або я прызнаюся, або на мяне ёсць яшчэ таўсценная папка матэрыялаў»
У перадвыбарчую кампанію Аляксандр з Наталляй дапамагалі збіраць подпісы за Віктара Бабарыку, а пасля ўдзельнічалі ў пратэстах.
У сакавіку 2022-га Салангіна затрымалі проста на рынку, дзе ён прадаваў рыбу, — за каментар у інтэрнэце.
«Следчая казала, што або я прызнаюся, або на мяне ёсць яшчэ таўсценная папка матэрыялаў. Яны ж здымалі ўсё на камеры, ведаюць, дзе я быў на пратэстах».
Праз некалькі дзён сілавікі прыйшлі да Наталлі, але жанчына паспела падрыхтавацца — пазбавіцца любой сімволікі, што магла зацікавіць сілавікоў. Было няпроста:
«У нас былі майкі з лагатыпам «Я/Мы 97», а таксама майкі з Бабарыкам і надпісам «Вось мой прэзідэнт». Я ведала, што прыйдуць, і давялося выкінуць гэтыя майкі. Так шкада было! Не ведала, што з імі рабіць, перапужалася і аднесла іх на сметніцу, навюсенькія і добранькія», — расказвае Наталля.
Пакуль Аляксандр чакаў суда, Наталлю з дачкой выклікалі на допыты, дзе намякнулі жанчыне — пазней прыйдуць і па яе. Але пакуль пакінулі ў спакоі.
19 мая 2022 года Аляксандру далі два гады хіміі з накіраваннем, ён падаў на апеляцыю. Дату суда прызначылі на сярэдзіну ліпеня, на гэты час мужчына заставаўся дома. Стала зразумела: пакуль яго не забралі на хімію, ёсць магчымасць пакінуць краіну.
Муж і жонка пачалі прадаваць усё, што толькі мелі, каб сабраць грошы на пераезд. Ад бізнэсу, што яны будавалі 12 гадоў, тады ўжо мала што засталося, кажа Наталля:
«Як толькі Сашу забралі, з наступнага дня пачалі прыязджаць розныя праверкі. Пракуратура, рыбнагляд, ахова прыроды, упраўленне сельгаспадаркі… Пазляталіся, як каршуны, на гэтае возера, штрафы далі.
У выніку даканалі. Не ведаем, хто там цяпер працуе, але нейкі гаспадар ёсць».
Атрымалася назбіраць дзве тысячы даляраў, і ў пачатку ліпеня 2022 года сям’я на невялікім пікапе выехала ў Расію.
«Мяне прымушалі распранацца, накручвалі мае валасы на руку»
План быў з Расіі трапіць у Грузію. Але ж у Грузію прапусцілі толькі дачку, бо Аляксандр аказаўся ў базе невыязных.
Тады, кажа Аляксандр, яны запанікавалі:
«Падумаў, што можна рвануць праз Абхазію. Мы даехалі да Туапсэ, адтуль больш за 100 кіламетраў да Абхазіі. Пагутарыў з таксістамі, мне кажуць — няма сэнсу туды ехаць. Калі нехта з боку Абхазіі ідзе ў Грузію, грузіны страляюць без папярэджання.
Не ведаў, што рабіць, і мы вырашылі праехаць ва Украіну. Цяпер я разумею, што гэта было абсалютна дурное рашэнне».
Аляксандр палічыў, што яму дапаможа досвед памежніка — маўляў, знойдзе прыдатнае месца для пераходу. Спачатку вырашылі перабрацца праз мяжу Расіі і «ДНР»:
«Я падышоў да расійскіх памежнікаў. Сказаў ім, што я сам афіцэр-памежнік, у мяне сябар жыве на тэрыторыі, падкантрольнай Расіі, жадаю да яго ў госці прыехаць. Прапаршчык на КПП мне адказаў: «Таварыш капітан, чыста па-сяброўску не раю, бо там усё дрэнна». Патлумачыў — лепш туды не совацца.
Я прыкінуў, што ў зоне баявых дзеянняў не прайсці, бо гэта ўсё ж лінія фронту, мірная мяжа таксама павінна больш-менш ахоўвацца. А вось на стыку вайны і міру павінен быць бардак, і там ёсць шанс».
Аляксандр і Наталля спыніліся недалёка ад Белгарада. Тры дні жылі на мяжы, вывучалі карты і мясцовасць. І ў сярэдзіне ліпеня вырашылі ісці ва Украіну, але трапілі да расійскіх вайскоўцаў — не дайшлі да самой мяжы 200 метраў.
Наталля ўспамінае:
«Мы дайшлі да нейкіх мяхоў, блокпасту. Нас пабачылі, пачалі крычаць, каб мы ляглі на зямлю, стралялі з аўтаматаў над нашымі галовамі. Надзелі мяшкі на галаву, некуды адвезлі — напэўна, на памежную заставу.
Нас закрылі па розных пакоях, потым памянялі месцамі. Хлопцы былі пад наркатой — разумею гэта, бо ў мяне мама медык, і я шмат чула. У іх былі вельмі неадэкватныя паводзіны, дужа шырокія зрэнкі. Яны былі шалёныя — то крычалі, то смяяліся».
Далей катаванні толькі набіралі моц, расказвае жанчына:
«Мяне прымушалі распранацца, накручвалі мае валасы на руку, прыкоўвалі рукі кайданкамі шырока. Прыносілі бутэльку, ставілі яе на стол і казалі: «Ты разумееш, што мы зараз будзем з гэтай бутэлькай рабіць?» Абяцалі, што і іншых паклічуць.
Калі прыкавалі рукі, пагражалі, што зараз яшчэ і ногі так шырока прыкуем. Падрабязна тлумачылі, што будуць рабіць. Мяне яны збольшага штурхалі, пагражалі, што будуць гвалціць — маўляў, смактаць будзеш. Казалі, што зараз будуць біць мужа, а я буду гэта слухаць, і ўсё гэта мацюкамі, канечне».
Праз калідор усё гэта чуў Аляксандр:
«Сказаў ім: с**і, калі вы з ёй нешта зробіце, я вас зубамі загрызу. З таго часу ў мяне няма зубоў, мне іх проста павыбівалі».
На вайскоўцах не было ніякіх апазнавальных знакаў, яны хавалі свае твары пад балаклавамі, былі апранутыя ў камуфляжнае адзенне і бронекамізэлькі. Ноч яны катавалі мужа і жонку, а ранкам прыйшлі расійскія памежнікі з адпаведнымі апазнавальнымі знакамі. Яны ўзялі з Аляксандра і Наталлі распіскі, што тыя не маюць прэтэнзій да памежнікаў.
З усіх грошай, якія тады мела з сабой пара, ім вярнулі толькі 2000 расійскіх рублёў (каля 34 даляраў на той момант). Памежнікі апранулі ім мяхі на галаву і адвезлі іх на пошту, дзе прымусілі з гэтых грошай сплаціць штраф — добра, што ў сваім пікапе на расійскай тэрыторыі Наталля і Аляксандр пакінулі 400 даляраў. Золата, што было ў заплечніку Наталлі, вайскоўцы таксама забралі.
«За дзень елі дзве бульбіны і кавалак кілбасы»
На бліжэйшыя пару месяцаў Аляксандр і Наталля затрымаліся ў Расіі. Машыну давялося прадаць за 500 еўра.
Сужэнцы звязаліся з камандай эвакуацыі «Байсола», але давялося пачакаць, калі атрымаецца выехаць. Наталля ўспамінае самае страшнае з таго часу:
«Мы не маглі ўладкавацца на працу, мусілі не трапляць на камеры, хадзіць так, каб у нас не правяралі пашпарты […] Мы знялі пакойчык, трохі разносілі ўлёткі, каб было што есці. За дзень елі дзве бульбіны, прыгатаваныя ў мікрахвалёўцы, і кавалак каўбасы. А каўбаса там такая, што рэжаш яе лыжкай — і яна прыліпае да лыжкі, як каша. Самую танную бралі, даляр за кілаграм.
Вельмі моцна схуднелі. Нічога немагчыма было купіць, бо мы баяліся, што не будзе грошай на ежу. Раз на тыдзень куплялі адну памідорку на дваіх, а калі хацелі салодкага, яшчэ куплялі яблык».
Наталля і Аляксандр у Расіі. Фота: архіў суразмоўцаў
Праз некалькі месяцаў Аляксандр і Наталля нарэшце апынуліся ў Польшчы. Спачатку спыніліся ў Гдыні, а пазней Аляксандр уладкаваўся дальнабойшчыкам, і Наталля ездзіла ў рэйсы з ім.
Так яны пражылі да 2024-га, калі ў Аляксандра пачаліся сімптомы ўралагічнай хваробы. Мужчына спачатку займаўся самалячэннем, але ж яму рабілася ўсё горш і горш. Летам, успамінае ён, з’явілася кроў у мачы:
«У жніўні мы прыехалі з камандзіроўкі, звярнуўся да лекара. Ён на пятай хвіліне візіту зрабіў УГД і кажа — маўляў, у цябе пухліна ў мачавым. І ўсё, даў накіраванне ў бальніцу.
29 жніўня 2024 года мяне шпіталізавалі, зрабілі аперацыю. Выдалілі частку пухліны і ўзялі матэрыял на гісталогію — пацвердзілася, што пухліна злаякасная».
Аляксандру зрабілі яшчэ адну аперацыю. Пухліну цалкам выдалілі, і прагнозы былі добрыя, так што пасля рэабілітацыі мужчына вярнуўся да працы. Але ў лістападзе ў яго распачаліся знаёмыя сімптомы. Перад Новым годам Аляксандр прыехаў на кантрольнае абследаванне, і яго адразу шпіталізавалі — на тым жа месцы, дзе раней было новаўтварэнне, вырасла пухліна яшчэ большых памераў.
У студзені 2025 года прайшоў кансіліум, дзе вырашылі, як далей лячыць. Мужчына расказвае, што наперадзе новая аперацыя — пасля чатырох месяцаў хіміятэрапіі яму цалкам выдаляць мачавы пухір.
Аперацыю аплаціць страхоўка, але хвароба істотна адбілася на бюджэце сям’і. Даводзіцца выдаткоўваць грошы на ўколы, вітаміны, нават на таксі, бо пасля хіміятэрапіі Аляксандр не мае сіл даехаць дахаты самастойна:
«Мне сказалі, што потым будзе каля паўгода рэабілітацыі. Каб разумець па грошах, я атрымліваю 2800 злотых па бальнічным (675 еўра. — «НН»). Гэта могуць плаціць 182 дні, і палова з іх ужо прайшлі. Па грошах мы проста не выжывем, запасы ў нас былі, але яшчэ паўтара-два месяцы — і зусім ні чорта не застанецца».
За час, што сям'я за мяжой, у Наталлі памерла маці. Да яе штотыдзень хадзілі сілавікі — пагражалі, што зловяць Наталлю і дэпартуюць у Беларусь. Вядома, на пахаванне яна не трапіла.
Нягледзячы на складанасці, Наталля і Аляксандр не апускаюць рукі і будуюць планы на жыццё пасля аперацыі.
«У нас мары нікуды не знікаюць, плануем і далей працаваць. Доўга хварэць нам няма калі, яшчэ трэба дзіця вырошчваць, яна ў нас вучыцца. Тут вельмі добрае іпатэчнае крэдытаванне, таму плануем набываць і сваё жыллё, бо не ведаем, калі здолеем вярнуцца дахаты. Нас там распранулі, разулі, канфіскавалі ўсё, што было, на голае месца не так і хочацца ехаць».
Аляксандр змагаецца з ракам мачавога пухіра і не можа працаваць. «Байсол» абвясціў збор, каб дапамагчы пары — паўдзельнічаць можна тут.
Чытайце таксама:
«Папрасіў пажыць яшчэ месяц, а яны…» Былога палітвязня Ермашука высяляюць з шэлтара «Байхэлпа»
«Такога вязня няма». Цяжкахворага палітвязня катуюць у калоніі пад Віцебскам