БЕЛ Ł РУС

Кур'ераў-махляроў, якія забралі ў 82-гадовай пенсіянеркі 50 тысяч даляраў, затрымалі

3.03.2025 / 9:4

Nashaniva.com

Днямі ў міліцыю звярнуўся ўнук пацярпелай. 82-гадовай жыхарцы Гродна патэлефанаваў нібыта супрацоўнік міліцыі і спытаў, ці ёсць у яе дома буйная сума грошай, паведамляе прэс-служба МУС.

Скрыншот відэа МУС

Пенсіянерка прызналася, што захоўвае амаль $50 тыс. Суразмоўца пераканаў яе, што трымаць такую суму дома забаронена, а для пазбягання адказнасці яе трэба задэклараваць.

Жанчына паверыла і аддала ўсе зберажэнні прыбылай «кур’ерцы». Толькі пазней яна расказала пра гэта свайму ўнуку, які звярнуўся ў міліцыю.

Міліцыянты выйшлі на след злачынцаў і затрымалі іх на мяжы. Пры падазраваных была знойдзена ўся сума, якая будзе вернута пацярпелай.

Фігурантам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

МУС нагадала, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, дзяржаўных і банкаўскіх устаноў не тэлефануюць грамадзянам з просьбамі правесці фінансавыя аперацыі. Пры атрыманні такіх званкоў неабходна адразу ж спыніць размову і паведаміць у міліцыю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула