БЕЛ Ł РУС

«Ледзь не пабілася з бабкай у паліклініцы праз талончык». Насця Рыбка прыехала ў родны Бабруйск

3.03.2025 / 20:57

Nashaniva.com

Скандальна вядомая ўраджэнка Бабруйска прыехала на малую радзіму. Цяпер Насця Рыбка, якая вучыць іншых, як стаць утрыманкамі, дзеліцца ўражаннямі ад Бабруйска і смяецца з мясцовых хлопцаў у дадатку для знаёмстваў.

Насця Рыбка. Фота з яе інстаграма

Насця Рыбка не была ў родным Бабруйску шмат гадоў — яна ў асноўным жыве ў Дубаі, на Балі і час ад часу лятае ў Расію. Імаверна, нагода наведаць Беларусь даволі празаічная — неабходнасць замяніць пасведчанне кіроўцы.

Нехта з сяброў параіў Насці пажыць у Беларусі тыдзень-два-тры, карацей кажучы, колькі вытрымае.

Дзяўчына дзеліцца: па адчуваннях, нібыта на машыне часу трапіла ў 2000-я, бо на вуліцах Бабруйска мала аўтамабіляў і яны старыя. Згадвае, што адной з забавак з дзяцінства без інтэрнэту было сесці ў выпадковы аўтобус і ехаць круг, пакуль ён не вернецца на іх прыпынак.

Дзяўчына радуецца, што інстаграм тут працуе без VPN. І ў захапленні ад беларускай ежы.

Насця Рыбка параўнала, як выглядала ў 8 класе, калі яе булілі аднакласнікі, і цяпер. Скрыншот сторыс

Здзіўляе Насцю на радзіме шмат чаго. Напрыклад, тое, што ў Беларусі з'явіліся прыватныя лабараторыі: «Я аддала за аналізы каля 50 даляраў і галоўнае, ад чаго ў шоку — мне не балюча ўзялі кроў, набралі дзве прабіркі секунд за шэсць. Не балюча і хутка. І за 50, а не за 500».

Але не ўсе прыгоды Насці ў медыцынскіх установах заканчваюцца пазітыўна. Сёння яна напісала ў сваім тэлеграм-канале, што пасварылася ў паліклініцы з нейкай бабуляй праз талончык.

А сітуацыя простая да банальнасці: у Насці быў талончык на 10:30, але, як звычайна бывае, у чарзе перамяшаліся людзі, і каля 11 гадзін у кабінет уваходзіў чалавек з талонам на 9:40. Потым у гісторыі з’явілася бабуля, якая вырашыла пайсці першай — і ў Насці, якая даўно чакала, здалі нервы.

— Пасварыліся так, што мы ледзь не пабіліся проста ля кабінета. Праз талончык. Потым я ў кабінеце разраўлася. А цяпер ужо гадзіну смяюся, не магу супакоіцца. Брат ледзь не ўдарыў мужа бабкі. Бабруйскія будні.

Здаецца, не без настальгіі Насця згадвае жыццё ў Бабруйску. Яна паказала ў інстаграме швейную фабрыку «Славянка»:

— Гэта швейная фабрыка, куды мяне маці пагражала адправіць працаваць (пры тым што шыць я не ўмею зусім), калі я не знайду сабе нешта сама ў 19 гадоў. Знайшла.

Негатыўных успамінаў пра Бабруйск у дзяўчыны хапае. Насця кажа, што падлеткам чатыры разы была вымушана змяніць школу, бо сутыкалася з булінгам: «Усе слухалі «Рукі ўверх», а я — Evanescence. Занадта добра вучуся, занадта вострая на язык. Кажу, што думаю. Гэта шкодзіць часцей, чым дапамагае. Дробная, худая. Хлопцы пляскаюць у далоні, калі я іду да дошкі. Гэта не апладысменты ад захаплення, калі што. Аўтсайдары зразумелі».

Насця Рыбка ў Бабруйску каля 12 гадоў таму. Скрыншот сторыс

Але найбольшы жах у Насці выклікалі мясцовыя хлопцы, якіх яна ўбачыла ў дадатку для знаёмстваў Twinby (расійскі аналаг Tinder). Асабліва яе развесяліла фота равесніка, які ўжо меў вялікія залысіны.

— Калі б я не з’ехала з Бабруйска, дык хадзіла б на спатканні з імі… — напісала дзяўчына ў сваім тэлеграм-канале.

Адна з падпісчыц паспрабавала заступіцца за хлопца і напісала, што не кожнай жа быць жонкай Абрамовіча — то-бок не трэба смяяцца з нармальных простых хлопцаў. Але Насця не пагадзілася:

— Рэч не ў кпінах. І не ў адпаведнасці. А ў тым, што авуляцыя возьме сваё. І будзеш спаць з тымі, хто акружае. Баішся пераезду? Падарожжаў? Быць экспаткай? Вучыць новую мову? Марыць і заяўляць пра сябе? Запасайся нікацінавай кіслатой…

Насця Рыбка. Фота з яе інстаграма

Нагадаем: Насця Рыбка (сапраўднае імя Анастасія Вашукевіч) стала вядомай дзякуючы сэкс-скандалу з расійскім алігархам Алегам Дзерыпаскам. Яе першая кніга распрадалася пасля расследавання Аляксея Навальнага.

Летась Рыбка выпусціла трэцюю кнігу, у якой распавяла, як простая дзяўчына з Бабруйска стала паляўнічай на мільярдэраў і пачала вучыць іншых станавіцца ўтрыманкамі.

Яна таксама прадае прысвечаны гэтаму курс «Сцервалогія». Сцвярджае, што аналагаў яе методыкі ў свеце няма, а вынікі фенаменальныя.

Чытайце таксама:

«Перад тым, як зняць трусы — думай, што скажа пра цябе твой будучы былы»: Насця Рыбка напісала аўтабіяграфічную кнігу

Памочнікам расійскага прэм'ера стаў чыноўнік, які адпачываў разам з Насцяй Рыбкай

Насця Рыбка прыйшла на БТ на вечаровае шоу: «Выбары прапусціла, бо здымала кліп» ВІДЭА

Каментары да артыкула