Дзяржаўная сетка аптэк «Фармацыя» прапаноўвае ўсім, каму больш за 30 гадоў, выкінуць Apple Watch
3.03.2025 / 22:46
Альтэрнатыву прапаноўваюць нечаканую.
Скрыншот відэа ў інстаграме
У інстаграме сеткі дзяржаўных аптэк «Фармацыя» з’явілася небанальная рэклама. У відэа правізарка звяртаецца да ўсіх, каму больш за 30 гадоў, і заклікае хуценька выкінуць Apple Watch і набыць «нармальны гадзіннік» — і дэманструе танометр на руцэ.
— Вам Apple Watch пакажа сісталічны ціск? А дыясталічны? Як вы будзеце ведаць, калі прымаць лекі ад ціску? Пра што мы гаворым?
Праўда, у подпісы да відэа ўдакладняецца, што пасля 40 гадоў лепш выкарыстоўваць ужо плечавыя танометры.
Ролік завірусіўся і набраў ужо 282 тысячы праглядаў і больш за 7 тысяч лайкаў у інстаграме. Нехта з каментатараў паспрабаваў спрачацца: «Калі вы прымаеце лекі ад ціску — гэта ўжо дрэнныя навіны». Але яму адказалі: «На жаль, хваробы маладзеюць і лепш на пачатковых этапах знайсці прычыну, чым потым лячыць наступствы».
Адна з каментатарак пажартавала, што ў яе нядаўна скралі Apple Watch — але мабыць да лепшага, бо нарэшце з’явілася нагода набыць вартую рэч. Яшчэ адна напісала, што яе 80-гадовы дзядуля за кошт таго, што сочыць за харчаваннем, добра эканоміць на леках і купіў сабе новы айфон.
У каментарыях з’явілася і доктарка, якая дадала, што прапанавала б і пярсцёнак Apple замяніць на пульсаксіметр.
Чытайце таксама:
У дзіцячай паліклініцы Кобрына растлумачылі, чаму неўролаг працуе толькі дзве гадзіны на дзень