БЕЛ Ł РУС

Хто ўзначаліў назіральную раду Прыёрбанка пасля змены ўласніка

4.03.2025 / 9:21

Nashaniva.com

Ім стаў вядомы ў ААЭ банкаўскі спецыяліст і аўдытар.

Фота: Прыёрбанк

Нагадаем, у канцы лістапада мінулага года аўстрыйскі Raiffeisen Bank International завяршыў здзелку па продажы Прыёрбанка малавядомай кампаніі Soven 1 Holding з ААЭ. Каментуючы продаж, старшыня праўлення RBI Ёхан Штробль назваў гэта «важным крокам у імкненні знізіць рызыкі прысутнасці ва Усходняй Еўропе». У RBI ацэньвалі агульныя страты ад гэтай здзелкі ў 824 мільёны еўра, з якіх 311 мільёнаў — страты ад продажу актыву па цане ніжэй за балансавы кошт.

28 лютага ў Прыёрбанку прайшло пасяджэнне назіральнай рады з асабістым удзелам старшыні рады Хаміса Бухаруна Аль-Шамсі, паведаміла прэс-служба банка. Падчас сустрэчы ўдзельнікі «абмеркавалі бягучыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю банка, яго кіраваннем і стратэгічным развіццём».

Хаміс Бухарун Аль-Шамсі нарадзіўся ў 1964 годзе. Ён паходзіць з сям’і Аль-Шамсі, адной з 10 самых уплывовых у ААЭ.

За яго плячыма 11 гадоў працы ў Цэнтральным банку ААЭ, дзе ён быў памочнікам дырэктара па ўнутраным аўдыце. Акрамя таго, 14 гадоў працаваў у Abu Dhabi Islamic Bank на розных кіруючых пасадах.

Зараз Хаміс Бухарун Аль-Шамсі з’яўляецца кіроўным дырэктарам кампаніі Royal Capital, якая аказвае інвестыцыйна-банкаўскія паслугі па кіраванні актывамі. Акрамя гэтага, ён уваходзіць у рады дырэктараў яшчэ шэрагу кампаній. Большасць гэтых бізнэсаў звязана з кіруючымі сем’ямі ў ААЭ.

Нягледзячы на змену ўласніка, склад праўлення Прыёрбанка не змяніўся.

Свае пазіцыі захавалі старшыня праўлення Вадзім Мацюшкін і яго намеснікі Уладзімір Дзядзюль, Андрэй Іванкевіч і Бернд Розенберг.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула