Вахцёрка інтэрната БДУ паказала свой працоўны дзень — і скарыла тыкток
4.03.2025 / 12:49
«Міма мяне нелегал не пройдзе».
Вахцёрка Надзея. Скрыншот відэа з тыктоку
Надзея працуе вахцёрам у адным з інтэрнатаў БДУ. У тыктоку яна расказала пра тое, як праходзіць яе дзень.
Жанчына прачынаецца а 7-й раніцы. Да працы ёй ехаць на машыне 10 хвілін.
«Бягу на любімую працу», — адзначае яна.
Там Надзея з раніцы раскладае газеты для студэнтаў і пошту, палівае кветкі і запаўняе журналы. Паралельна правярае пропускі студэнтаў.
«Міма мяне нелегал не пройдзе», — запэўнівае.
У інтэрнаце, дзе яна працуе, жыве шмат беларускіх і кітайскіх студэнтаў, ёсць таксама пара чалавек з Афрыкі.
Відэа пазітыўнай вахцёркі сабрала больш за 400 тысяч праглядаў.
Хтосьці ў захапленні ад яе. «Шыкоўная цётачка», — пішуць. Іншыя скептычныя: такую «блатную» працу проста так не атрымаць. Надзея ў каментарах тлумачыць, што ў вахцёркі пайшла на пенсіі.
«Нелегальна прыходзіў да вас», — пішуць ёй.
«Сумняюся», — жартуе ў адказ Надзея.
«Вось на такіх людзях, як вы, і трымаецца інтэрнатнае жыццё студэнтаў, кажу як мама, чый сын адвучыўся і пражыў пяць гадоў у інтэрнаце! Усяго вам найлепшага!» — зычаць вахцёрцы.