Паўза ці канец? Што азначае рашэнне ЗША прыпыніць дапамогу Украіне
Па даных Bloomberg і Fox News, паўза працягнецца датуль, пакуль Трамп не вырашыць, што лідары Украіны дэманструюць «сумленнае імкненне да міру». Але гаворка пра мір ці пра капітуляцыю на ўмовах Расіі?
Белы дом. Фота: Walter Bibikov / Getty Images
Дональд Трамп прыпыніў усю вайсковую дапамогу Украіне пасля сутыкнення з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у Авальным кабінеце на мінулым тыдні. Тым самым прэзідэнт ЗША аказвае ціск на Кіеў, каб прымусіць яго падпарадкавацца намаганням ЗША па заключэнні мірнага пагаднення з Расіяй, нягледзячы на адсутнасць гарантый бяспекі для Украіны, піша Расійская служба Радыё Свабода.
«Мы прыпыняем і пераглядаем нашу дапамогу, каб пераканацца, што яна спрыяе вырашэнню праблемы, — цытуюць СМІ словы чыноўніка Белага дома, сказаныя на ўмовах ананімнасці 3 сакавіка. — Прэзідэнт ясна даў зразумець, што ён накіраваны на мір. Нам трэба, каб нашы партнёры таксама былі адданыя гэтай мэце».
«Гэта не канчатковае спыненне дапамогі, гэта паўза», — цытуе Fox News прадстаўніка адміністрацыі Трампа. Па даных Bloomberg і Fox News, паўза працягнецца датуль, пакуль Трамп не вырашыць, што лідары Украіны дэманструюць сумленнае імкненне да міру.
Але гэты перапынак у дапамозе ўзмацняе і без таго складанае пытанне аб падтрымцы Злучанымі Штатамі Украіны ў яе абароне ад расійскага ўварвання ў той час, калі расійскія войскі на працягу многіх месяцаў атрымліваюць верх, хоць і коштам велізарных страт, а Украіна змагаецца з праблемамі з кадрамі і іншымі цяжкасцямі ў вядзенні найбуйнейшай вайны ў Еўропе з 1945 года.
Любыя перабоі з пастаўкамі амерыканскай зброі на лінію фронту хутка аслабяць шанцы Украіны адбіць уварванне Расіі. Прыпыненне распаўсюджваецца на «ўсю вайсковую тэхніку ЗША, якая цяпер не знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, уключаючы зброю, якая знаходзіцца ў дарозе на самалётах і караблях або чакае ў транзітных зонах у Польшчы», — паведамляе Bloomberg.
Які аб'ём дапамогі закрануць?
Дакладны аб'ём закранутай вайсковай дапамогі невядомы, але перадача зброі на суму 3,85 мільярда даляраў, санкцыянаваная Кангрэсам пры ранейшым прэзідэнце Джо Байдэне, яшчэ не была размеркаваная Белым домам. З моманту ўступлення Дональда Трампа на пасаду ў студзені новая вайсковая дапамога не зацвярджалася.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў лютым 2022 года Кангрэс ЗША выдзеліў больш за 180 мільярдаў даляраў на падтрымку Украіны, прычым блізу дзвюх трацін гэтай сумы — вайсковая дапамога.
«Перш за ўсё, прыпыненне амерыканскай дапамогі можа закрануць зенітныя ракеты, боепрыпасы HIMARS і артылерыю, — напісаў украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка.
— Злучаныя Штаты з'яўляюцца адзінымі вытворцамі сістэм HIMARS і ATACMS, і калі яны скончацца, то здольнасць Украіны наносіць удары далёка за лініяй расійскіх войскаў і ахоўваць свае тылавыя пазіцыі будзе пастаўленая пад пагрозу».
«Еўропа можа прыняць меры, каб задаволіць ладную частку патрэбаў Украіны ў артылерыйскіх боепрыпасах у спалучэнні з боепрыпасамі, ужо пастаўленымі ЗША ў пачатку гэтага года, — сказаў Майкл Кофман, старшы навуковы супрацоўнік Фонду Карнегі за міжнародны мір, у інтэрв'ю The Wall Street Journal. — Праблемы будуць станавіцца ўсё больш відавочнымі па меры набліжэння лета».
У выпадку поўнага спынення вайсковай дапамогі з боку ЗША Украіна рызыкуе страціць да 30 адсоткаў усёй зброі, якая выкарыстоўваецца сёння ўзброенымі сіламі, заявіў галоўны рэдактар вайскова-аналітычнага сайта Defense Express Алег Каткоў у інтэрв'ю ўкраінскаму выданню Суспільне.
Дэмакраты ў Кангрэсе неадкладна асудзілі рашэнне Трампа.
«Мае калегі-рэспубліканцы, якія назвалі Пуціна ваенным злачынцам і паабяцалі працягваць падтрымліваць Украіну, павінны далучыцца да мяне і запатрабаваць ад прэзідэнта Трампа неадкладна адмяніць гэта катастрафічнае і незаконнае замарожванне», — заявіў кангрэсмен Грэгары Мікс, дэмакрат са штата Нью-Ёрк.
Паўза ў наданні вайсковай дапамогі наступіла пасля няўдалага візіту Уладзіміра Зяленскага ў Белы дом 28 лютага. Ад візіту чакалі заключэння здзелкі аб сумеснай распрацоўцы ўкраінскіх рэдкіх мінералаў і вуглевадародных рэсурсаў, якую Трамп назваў найважнейшым крокам да міру паміж Украінай і Расіяй. Замест гэтага сустрэча перад камерамі ў Авальным кабінеце перарасла ў гучную сварку: Дональд Трамп і віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс заявілі, што Зяленскі павінен праяўляць больш падзякі за падтрымку ЗША і што ён не ў тым становішчы, каб выстаўляць патрабаванні.