БЕЛ Ł РУС

Жыхарцы Гомеля, што выкінула сабаку з балкона, далі тры месяцы арышту

4.03.2025 / 15:23

Nashaniva.com

Абвінавачаная сцвярджала ў судзе, што ўсё здарылася выпадкова, але сусед засведчыў адваротнае.

Ілюстрацыйнае фота

У жніўні мінулага года 43-гадовая гамяльчанка разам з сябрам прыйшла ў госці да былога сужыцеля, які вярнуўся з заробкаў. 

Жанчына завяла сабачку па мянушцы Аля яшчэ падчас адносін са сваім былым сужыцелем. Пасля расстання гадаванец застаўся жыць з мужчынам, а жанчына часам забірала яго да сябе. Так адбылося і гэтым разам.

Пасля вяртання дадому жанчына выйшла пакурыць на балкон, узяўшы з сабой сабаку. Неўзабаве гадаванец выпаў з балкона і разбіўся.

Абвінавачаная сцвярджала ў судзе, што ўсё здарылася выпадкова: нібыта Аля вырвалася з рук, калі яна пачала адмахвацца ад дыму цыгарэты.

Аднак сусед з балкона насупраць засведчыў, што жанчына спецыяльна працягнула рукі і выпусціла сабаку.

Калі прыехала міліцыя, патрапіць у кватэру да жанчыны не атрымалася — яна не адчыняла дзверы. Пры гэтым, паводле суседзяў, пасля здарэння з кватэры быў чуваць смех і вясёлыя спевы.

Суд Савецкага раёна Гомеля прызнаў жанчыну вінаватай і прысудзіў да трох месяцаў арышту. Акрамя таго, яна павінна прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула