Марын Лё Пэн раскрытыкавала прыпыненне амерыканскай вайсковай дапамогі Украіне
«Я лічу, што бесцырымоннасць гэтага рашэння падлягае асуджэнню. Гэта вельмі жорстка ў дачыненні да ўкраінскіх жаўнераў, якія вядуць патрыятычную абарону сваёй краіны», — заявіла былая кіраўніца крайне правай партыі «Нацыянальнае аб'яднанне» Марын Лё Пэн у інтэрв'ю газеце Le Figaro.
Марын Лё Пэн. Фота: AP Photo/Thibault Camus
«Ніхто не можа прымусіць Злучаныя Штаты працягваць іх падтрымку, калі яны гэтага не жадаюць», — прызнала французскі палітык. Аднак Вашынгтон, на яе думку, павінен быў даць Кіеву «разумны тэрмін» на перабудову.
Лё Пэн у мінулым была вядомая сваёй прарасійскай пазіцыяй. Аднак яна паслядоўна праводзіла курс на змякчэнне ранейшых пазіцый сваёй партыі па многіх пытаннях, і Нацыянальнае аб'яднанне нават пазбягае размоў пра агульнасць сваіх поглядаў з Трампам. А наступнік і пратэжэ Лё Пэн на пасадзе кіраўніка партыі Жардан Бардэла займае, ва ўсякім выпадку на словах, нават больш праўкраінскую пазіцыю.
У той жа час Нацыянальнае аб'яднанне катэгарычна выступае супраць прыёму Украіны ў НАТА і Еўрасаюз. У нядаўнім выступленні ў парламенце краіны тая ж Лё Пэн заявіла:
«Мы не можам даць Украіне сяброўства ў НАТА. Яе ўступленне ў Еўрасаюз таксама супярэчыць нашым інтарэсам і будзе каштаваць Францыі сотні мільярдаў».
Партыя Лё Пэн захоўвае высокія шанцы атрымаць шмат галасоў на датэрміновых парламенцкіх выбарах, якія, верагодна, пройдуць у Францыі ў гэтым годзе. У яе самой, як лічыцца, у 2027 годзе таксама будуць нядрэнныя шанцы на перамогу на прэзідэнцкіх выбарах.
Чытайце таксама:
Стала вядома, каго брытанцы лічаць вінаватым у сварцы Зяленскага з Трампам
Паўза ці канец? Што азначае рашэнне ЗША прыпыніць дапамогу Украіне
Еўрасаюз плануе пашырыць бюджэт на абарону і дапамогу Украіне. Дарадца па палітыцы ЕС тлумачыць як