БЕЛ Ł РУС

«Пасылак больш чым на 500 кілаграмаў»: падрабязнасці справы Наталлі Ладуцькі, якую адправілі ў калонію за дапамогу палітвязням

6.03.2025 / 07:00

Nashaniva.com

«Нашай Ніве» сталі вядомы дэталі крымінальнай справы супраць неабыякавай мінчанкі, якую жорстка пакаралі за дапамогу людзям за кратамі.

Наталля Ладуцька. Фота: «Вясна»

Наталлю Ладуцьку затрымалі ў студзені 2024 года. Праз год адбыўся суд — абвінавачвалі пенсіянерку ў садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).

«Наша Ніва» даведалася, што ж канкрэтна суддзя Яўген Пісарэвіч палічыў злачынствам. Фармулёўка суда гучыць так: «бязвыплатныя пералічэнні грашовых сродкаў і адпраўленняў прадуктаў харчавання, прадметаў адзення, сродкаў асабістай гігіены і іншых прадметаў асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай і ў месцах выканання пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі». «Экстрэмісцкае фарміраванне», у садзейнічанні якому абвінавацілі Наталлю, — Dissidentby.

У справе пенсіянеркі з Мінска пералічана 177 эпізодаў — гаворка ідзе пра грашовыя пераводы і пасылкі. Вось некалькі прыкладаў таго, што ставілася ў віну: пералічыла 100 рублёў на турэмны рахунак вязня, даслала пасылку вагой 4 кілаграмы. Першае адпраўленне адбылося ўлетку 2021 года, апошняе — у снежні 2023 года, за месяц да затрымання жанчыны.

Атрымліваецца, што Наталля рабіла адпраўленні трохі больш за два гады. За гэты час, згодна з матэрыяламі справы, яна пералічыла больш чым 4000 рублёў і адправіла пасылак больш чым на 500 кілаграмаў.

Пракурор Дзмітрый Хаваўка прасіў пакараць Наталлю Ладуцьку 4 гадамі калоніі і штрафам памерам у 500 базавых. Суддзя вырашыў павялічыць памер штрафу да 600 базавых велічынь.

У выніку пенсіянерцы прызначылі 4 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф 25 200 рублёў. Цяпер Наталля Ладуцька знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА і чакае апеляцыі.

Чытайце таксама:

2 гады турмы за 5 слоў. Гісторыя былога супрацоўніка КДБ, якога арыштавалі пасля допісу «Беларускаму Гаюну»

Жыхара Кобрына з інваліднасцю прыгаварылі да 4,5 год калоніі

Пацверджаная інфармацыя пра вызваленне пяці палітзняволеных з Гомельшчыны

Аналітыка Андрэя Паротнікава прыгаварылі да 10 год зняволення

Каментары да артыкула