БЕЛ Ł РУС

Краіны Еўрасаюза ўзгаднілі запуск новай сістэмы ўезду і выезду ў Шэнгенскую зону

5.03.2025 / 16:38

Nashaniva.com

Краіны Еўрапейскага Саюза 5 сакавіка нарэшце дамовіліся пра сістэму ўезду/выезду (EES) — аўтаматызаваны рэестр для кароткатэрміновых падарожнікаў, увядзенне якога неаднаразова адкладалася праз тэхнічныя праблемы і недастатковую гатоўнасць, піша Euronews.

Фота ілюстрацыйнае

Пагадненне, дасягнутае міністрамі ўнутраных спраў краін Еўрасаюза ў Брусэлі, адкрывае шлях да магчымага пачатку працы сістэмы восенню, хоць канкрэтная дата пакуль не вызначаная.

Цяпер у дзяржаў — членаў Еўрасаюза будзе два варыянты: запусціць новую сістэму адразу ж ці ў некалькі этапаў на працягу шасцімесячнага пераходнага перыяду, пасля заканчэння якога ўсе рэгістрацыі пры перасячэнні мяжы павінны рабіцца ў рамках EES.

Паэтапны падыход не быў прадугледжаны ў першапачатковым заканадаўстве. Аднак пасля ўсебаковай сустрэчы ў лістападзе ён быў выдзелены ў якасці жыццяздольнай альтэрнатывы для выхаду з зацягнутага тупіка і ўкаранення доўгачаканай сістэмы.

Польшча як краіна, якая цяпер выконвае старшынства ў Радзе ЕС на ратацыйнай аснове, узначаліць перамовы з Еўрапейскім парламентам для дасягнення канчатковага пагаднення па змененым законе, што, як чакаецца, адбудзецца гладка.

«Кастрычнік — гэта наш гарызонт, — заявіў Томаш Семоняк, міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. — Сістэма надасць службам дзяржаў-членаў цалкам новыя інструменты для кантролю за тым, хто заязджае і выязджае з Шэнгенскай зоны, для паліцыі і памежнікаў. Гэта абсалютна неабходна».

EES — гэта комплексная рэформа, якая пачалася яшчэ ў 2016 годзе і неаднаразова адкладалася. Яе галоўная мэта — мадэрнізаваць праверкі на знешніх межах ЕС і замяніць традыцыйны фізічны штамп у пашпарце.

EES будзе прымяняцца да грамадзян краін, што не ўваходзяць у ЕС, якія прыязджаюць у блок з мэтай турызму, адпачынку або дзелавой паездкі і застаюцца ў агульным ліку да 90 дзён на працягу 180-дзённага перыяду.

Пасля ўвядзення сістэмы ў дзеянне наведвальнікі павінны будуць паказваць свае пашпарты па прыбыцці, а таксама фатаграфаваць твар і сканаваць адбіткі пальцаў у электронным выглядзе. Усе ўезды і выезды з бяспашпартнай Шэнгенскай зоны будуць фіксавацца.

Збор біяметрычных даных і абмен інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу закліканы дапамагчы ўладам спыніць дзеянні тых, хто пратэрміноўвае кароткатэрміновыя візы і здзяйсняе махлярства з асабістымі данымі.

У схеме возьмуць удзел усе краіны — члены ЕС, акрамя Кіпра і Ірландыі, а таксама чатыры асацыяваныя члены Шэнгенскага пагаднення — Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя.

На Кіпры і ў Ірландыі штампы ў пашпартах па-ранейшаму будуць прастаўляцца ўручную.

Чытайце таксама:

Польскае МЗС пастрожыла падыходы да выдачы гуманітарных віз беларусам

Беларусам, якія атрымалі грэчаскі шэнген, сталі часта тэлефанаваць з консульства

Мінчукі атрымалі балгарскую шэнгенскую візу, але за дзень да паездкі яе анулявалі

Кіраўнік візавага агенцтва патлумачыў у сацсетках «адкуль такія цэны на запіс на візу»

Пяць частых памылак пры падачы на візу

Каментары да артыкула