БЕЛ Ł РУС

Макрон: Будучыню Еўропы не будуць вызначаць ні ў Вашынгтоне, ні ў Маскве

5.03.2025 / 22:10

Nashaniva.com

Макрон звярнуўся да французскай нацыі, каментуючы вайну ва Украіне і сітуацыю з бяспекай у Еўропе. Прэзідэнт Францыі збірае ў Парыжы кіраўнікоў Генштабоў Еўропы, абяцае краінам ЕС ядзерны парасон, паведамляе тэлеканал France 24.

Зварот Макрона да Францыі. Скрыншот: France 24

«Мы рухаемся да новай эры», — сказаў Макрон.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пачаў сваю прамову ў прайм-тайм з пералічэння бягучых праблем у галіне бяспекі і эканомікі, якія стаяць перад краінай.

Мір ва Украіне не можа наступіць, калі Расія дыктуе ўмовы ці калі Украіна знішчана ці капітулявала — мір не можа быць дасягнуты «любой цаной», лічыць Макрон.

«Будучыню Еўропы не будуць вызначаць ні ў Вашынгтоне, ні ў Маскве», — адзначыў ён.

Прэзідэнт Францыі перакананы, што Еўропа ў стане лепш абараняць сябе і што ёй трэба распрацаваць доўгатэрміновы мірны план. Важна больш узбройвацца, сказаў ён.

«Рашэнні, якія будуць прынятыя зараз, паўплываюць на ўсю будучыню», — дадаў Макрон.

Прэзідэнт нагадаў пра магчымасць адпраўкі еўрапейскіх войскаў ва Украіну, але падкрэсліў, што гэта неабавязкова значыць іх удзел у барацьбе на фронце. Пагроза з боку Расіі павялічваецца на ўсю Еўропу, «гэта не проста расійска-ўкраінскі канфлікт, гэта міжнародны канфлікт».

Таксама Макрон заявіў, што абмяркуе з еўрапейскімі калегамі ідэю выкарыстання французскіх сродкаў ядзернага стрымлівання для абароны кантынента перад тварам пагроз з боку Расіі.

«Расія працягвае пераўзбройвацца, яна выдаткоўвае 40% свайго бюджэту на абарону. Да 2030 года Расія хоча мабілізаваць дадаткова яшчэ тры мільёны жаўнераў і дадаць да ўзбраення яшчэ чатыры тысячы танкаў», — заўважыў Макрон.

На наступным тыдні Францыя збярэ начальнікаў штабоў усіх краін, гатовых «гарантаваць будучы мір ва Украіне». Макрон сказаў, што Францыя павінна быць гатовая, калі ЗША «больш не будуць побач з ёй».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула