БЕЛ Ł РУС

Знайшоўся адзін з трох зніклых без вестак беларусаў, якія ваявалі ва Украіне на баку Расіі

6.03.2025 / 16:38

Nashaniva.com

Грамадзянін Беларусі Ігар Хасанаў, які ваяваў па кантракце ў расійскай арміі супраць Украіны і знік без вестак сёлета ў студзені, знаходзіцца ў шпіталі ў акупаванай Расіяй Луганскай вобласці, піша «Радыё Свабода».

Расійскія вайскоўцы на ўкраінскім Данбасе. Фота ілюстрацыйнае

«У яго аскепкавае раненне сярэдняй цяжкасці. Лекары кажуць, што ўсё добра, усё загойваецца. Але насамрэч гэта не так», — паведаміла праекту «Не жди меня из Украины» грамадзянская жонка беларуса Варвара Андрэева.

Паводле яе, Ігар Хасанаў выйшаў на сувязь праз паўтара тыдня пасля пачатку ягоных пошукаў.

Варвара Андрэева таксама ўдакладніла, што грамадзянін Беларусі толькі з другой спробы змог падпісаць кантракт на службу ў расійскай арміі, бо першая была няўдалай — яму адмовілі праз стан здароўя.

«Па стане здароўя, яшчэ раней, калі яму адмовілі, ваенкамат не меў права падпісваць кантракт, ведаючы ягоны дыягназ. Сутнасць такая — кантракт склалі незаконна. Цяпер мой муж знаходзіцца ў шпіталі з аскепкавым раненнем, медыцынскага догляду за ім практычна няма. Тэмпература высокая, рана не загойваецца, адзін аскепак дасталі, а другі ўсё яшчэ знаходзіцца ў ім», — паведаміла жонка беларуса.

Паводле яе, Ігар Хасанаў пісаў рапарт аб адпачынку на імя камандзіра, але яму адмовілі. Лекары сцвярджаюць, што адразу пасля шпіталя яго зноў адправяць на перадавую лінію. Варвара Андрэева цяпер спрабуе шукаць дапамогу, каб дабіцца новага медыцынскага заключэння, вярнуць на тэрыторыю Расіі для лячэння і рэабілітацыі.

Дыягназ, праз які Хасанава першапачаткова адмовілі ў падпісанні кантракту, Варвара Андрэева не назвала.

Хасанаў служыў у мотастралковым падраздзяленні сухапутных войскаў Расіі, вайсковая часць 52033 — гэта палявая часць, якая падпарадкоўваецца вайсковай часці 02511, што дыслакуецца ў пасёлку Каменка Ленінградскай вобласці. Пра ягонае знікненне стала вядома ў канцы лютага.

5 сакавіка стала вядома яшчэ пра двух беларусаў, якія зніклі без вестак і таксама служылі па кантракце ў палявых фармаваннях вайсковай часці 02511.

Расійскія вайскоўцы з часці 02511 ваююць ва Украіне ад пачатку расійскага ўварвання ў Данецкую вобласць, якое адбылося ў 2014 годзе. Апроч таго, фармаванні гэтай часткі ваявалі ў Прыднястроўі, у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама ўдзельнічалі ў ваеннай аперацыі ў Сірыі.

Згодна са статыстыкай, у суполку, створаную ў траўні 2024 года для дапамогі сваякам вайскоўцаў, якія служылі ў палявых фармаваннях вайсковай часці 02511, напісалі 34 352 паведамленні, у тым ліку 640 — за апошні тыдзень.

Чытайце таксама:

Што за 26-гадовы кіроўца з Лепеля, які пайшоў ваяваць за Расію і знік без вестак пад Ваўчанскам?

Ваюючы супраць Украіны, знік без вестак серыйны рабаўнік з Беларусі

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію

Каментары да артыкула