Сілавікі заявілі пра ўзлом рэсурсаў «Белпола». А як на самай справе?
Шэраг праўладных тэлеграм-каналаў 7 сакавіка заявілі пра нібыта ўзлом рэсурсаў арганізацыі былых сілавікоў «Белпол». Прадстаўнік арганізацыі Уладзімір Жыгар пракаментаваў гэтыя заявы для «Радыё Свабода».
Уладзімір Жыгар. Фота: «Радыё Свабода»
«Ніякіх уцечак, узломаў або зліваў няма. Ніводзін наш рэсурс не пацярпеў. Усе нашы крыніцы на сувязі, і праца з імі ідзе ў абсалютна штатным рэжыме. Так, былі пэўныя праблемы пасля нападу на [тэлеграм-канал Беларускі] Гаюн, але цяпер сітуацыя нармалізавалася», — сказаў ён.
Жыгар дадаў:
«Безумоўна, дзейнасць арганізацыі BelPol выклікае вар'яцкае раздражненне ў рэжыму. Дыскрэдытаваць нас — гэта, па сутнасці, адна з самых галоўных задач на сённяшні дзень. Бо мы адзіныя, хто цяпер рэальна аказвае супраціў сістэме, штораз выкрывае карупцыйныя схемы, абыход санкцый, паказвае, як Лукашэнка ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны, не словам, а справай актыўна прасоўвае ідэю ціску на рэжым.
Таксама BelPol адны з нешматлікіх, хто аргументавана выступае супраць легітымацыі рэжыму, зняцця санкцый і дыялогу з сістэмай».
Нагадаем, што 7 лютага паведаміў пра спыненне сваёй працы маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн». За два дні да таго стваральнік праекта Антон Матолька паведаміў пра ўзлом бота і папярэдзіў грамадзян, якія адсылалі інфармацыю ці пісалі з акаўнтаў, пра пагрозу іхняй бяспецы.
Чытайце таксама:
Стрыжак распавёў, колькі зваротаў атрымаў BYSOL за 4 дні праз узлом «Беларускага гаюна»
Сярод звестак, якія выцеклі з бота «Беларускага гаюна», былі ўнікальныя ID карыстальнікаў тэлеграм
Вось як сілавікі атрымалі доступ да бота «Беларускага Гаюна»
Бот Беларускага Гаюна быў узламаны. Хто туды пісаў — пад пагрозай