Два беларускія медыяпраекты аб'явілі пра крытычныя праблемы з фінансаваннем
Праект Фонду медыцынскай салідарнасці «Белыя халаты» і медыяпраект «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведамілі, што сутыкнуліся з моцнымі фінансавымі праблемамі, і папрасілі падтрымкі ў сваёй аўдыторыі.
«Калі ў найбліжэйшы час мы не знойдзем фінансаванне, пад пагрозай акажацца ўсё, што мы робім. І без вашай дапамогі мы можам не перажыць гэты крызіс […] Наша праца заснаваная на гадах зносін з дактарамі, пацыентамі і інсайдарамі сістэмы. Мы ведаем, што адбываецца на самай справе. У нас ёсць веды і досвед, якіх няма больш ні ў каго», — гаворыцца ў звароце «Белых халатаў».
«Ужо больш за пяць месяцаў мы працуем за кошт уласных, надзвычай абмежаваных сродкаў, якія на гэты момант цалкам вычарпаліся. Каб у найбліжэйшыя месяцы працягнуць нашу працу і забяспечыць функцыянаванне праекта «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», а таксама выканаць фінансавыя абавязацельствы перад удзельнікамі праекта і тымі, хто супрацоўнічае з намі ўнутры структуры Беларускай чыгункі, нам патрэбная ваша падтрымка», — адзначаецца ў заяве «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі».
Фонд медыцынскай салідарнасці Беларусі быў створаны ў 2020 годзе, каб інфармаваць сусветную медыцынскую супольнасць аб праблемах у беларускім ахове здароўя. Збірае інфармацыю пра рэпрэсіі ў прафесійным асяроддзі, прасоўвае інтарэсы беларускіх медыкаў за мяжой, збірае грошы на карысць пераследаваных калег і інш.
Праект «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» інфармуе пра тое, што адбываецца ў сферы чыгуначнага транспарту, у прыватнасці, пра рух таварных цягнікоў паміж Беларуссю і Расіяй з мэтай працягвання вайны ва Украіне.
Абодва праекты прызнаныя ўладамі адпаведна ў 2023 і 2024 гадах «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Чытайце таксама:
Адміністрацыя Трампа заяўляе, што скарачае 90% кантрактаў USAID на замежную дапамогу
Кітай пачаў прапаноўваць краінам сваё фінансаванне замест USAID