БЕЛ Ł РУС

Жонка Джына Хэкмана памерла ад рэдкага віруса, які перадаецца праз грызуноў. А Хэкман — праз тыдзень, каля яе

8.03.2025 / 8:18

Nashaniva.com

Паводле вынікаў судова-медыцынскай экспертызы, 95-гадовы акцёр Джын Хэкман і яго 65-гадовая жонка, піяністка Бэтсі Аракава, памерлі па натуральных прычынах. Цела Хэкмена было знойдзена ў яго доме ў Санта-Фэ 27 лютага, побач з ім знаходзілася цела яго жонкі, піша Бі-бі-сі.

Эксперты ўстанавілі, што Аракава памерла першай, 11 лютага, ад хантавіруснага лёгачнага сіндрому — рэдкага захворвання, якое перадаецца ад грызуноў і паражае лёгкія. У доме былі выяўлены сляды прысутнасці грызуноў, што магло прывесці да заражэння. ​

Прычынай смерці самога Хэкмана стала гіпертанія на фоне хваробы Альцгеймера. Паводле заключэння судмедэксперта Хэзер Джарэл, смерць наступіла, верагодна, 18 лютага, праз тыдзень пасля смерці яго жонкі; дакладна вызначыць час смерці немагчыма. Праз хваробу Альцгеймера Хэкман мог не ўсведамляць, што яго жонка памерла. ​

У доме таксама быў знойдзены мёртвы сабака пары. Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Нью-Мексіка паведаміла, што сабакі не заражаюцца хантавірусам. У кухні дома была выяўлена ўцечка газу, але, паводле шэрыфа акругі Санта-Фэ Эйдэна Мендосы, яна была нязначнай. ​

Расследаванне працягваецца, у прыватнасці, чакаюцца вынікі ўскрыцця сабакі, каб вызначыць прычыну яго смерці.​

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула