Айцішнік, які зарабляў у Мінску 3000 еўра, працуе ў Польшчы ў дастаўцы прадуктаў і вельмі задаволены
Айцішнік, які пераехаў у Польшчу, падзяліўся з каналам Dzik Pic сваім досведам працы ў дастаўцы.
Працую ў Glovo, у Беларусі 7 гадоў працаваў UX/UI дызайнерам. За гэты час паспеў цалкам выгараць, таму вырашыў паспрабаваць нешта іншае.
Усё кола зносін складаецца з айцішнікаў, і я хваляваўся, што мяне не зразумеюць. Плюс пасля зарплаты 3000 еўра ў Мінску няпроста перайсці на мінімалку ў Польшчы. А што ставіць у LinkedIn пасля Senior Product Designer? Goose farmer?
У выніку я вырашыў, што хопіць траціць назапашаныя на кватэру грошы і праз сілу праходзіць сумоўі на працу, якую не хочаш.
Уладкаваўся на склад «Бедронкі» камплектоўшчыкам. Гэта неверагодна цяжкая праца. За дзень трэба сабраць каля 6 тон палет.
Я вельмі стамляўся, але ўпершыню за шмат гадоў з усмешкай ехаў на працу.
Праз некалькі месяцаў маё офіснае цела пачало моцна стамляцца (хаця я паспеў скінуць вагу і нармальна падкачацца, усім рэкамендую).
Тады вырашыў паспрабаваць Glovo. Купіў сабе класны новы электраровар, і ўжо праз два дні развозіў заказы.
Як працуюць кур'ерскія службы і таксі ў Польшчы? Яны працуюць праз фірмы-пасярэднікі, якія займаюцца наймам і выплатамі.
Стаўка за гадзіну вельмі нізкая (30—40 злотых або 7,8—10,4 даляра), таму партнёры знайшлі, на мой погляд, не зусім легальную схему.
Яны заключаюць з табой фіктыўны дагавор на арэнду, напрыклад, веласіпеда і плацяць табе грошы, быццам ты ім аддаеш свой ровар у карыстанне. А ровара можа наогул і не быць.
У выніку фірмы-партнёры «арандуюць» тысячы веласіпедаў і плацяць за іх кур'ерам грошы.
Дзякуючы гэтаму кур'еры плацяць усяго 8,5% падаткаў, і многія нават гэтага не робяць.
У кур'ераў няма медыцынскай страхоўкі. Гэта небяспечная прафесія. У чатах бачу, што кур'еры часта падаюць або трапляюць у аварыі. Нядаўна ў Кракаве хлопца пераехаў трамвай.
Партнёры прапануюць плаціць мінімальны ZUS (падатак на сацстрахоўку) — 560 злотых (141 даляр) у месяц, і тады ў цябе ёсць медстрахоўка.
Але я не сустракаў кур'ераў, якія на такое пагаджаюцца.
Звычайна ўсе працуюць без страхоўкі, каб зэканоміць.
Каб падацца на карту побыту, трэба плаціць 2400 злотых падаткаў (626 даляраў), і мала хто на гэта пагаджаецца.
Па міжнароднай абароне або шукаць кур'ерскую службу з нармальнай дамовай. Lisek і Pyszne — два варыянты, дзе можна легальна ўладкавацца.
Еўрасаюз узяўся за правы кур'ераў, і ў бліжэйшыя 1—2 гады ёсць верагоднасць, што ўсіх кур'ераў у ЕС прызнаюць работнікамі кур'ерскіх кампаній.
Цяпер яны лічацца самазанятымі, таму не маюць ніякіх правоў і сацыяльных гарантый.
Мне падабаецца працаваць з людзьмі. Звычайна ўсе вельмі радыя, калі бачаць кур'ера. Па маіх назіраннях, у Польшчы людзі менш канфліктныя і больш прыветлівыя ў параўнанні з беларусамі.
У сярэднім кур'еры зарабляюць 1—2 тысячы еўра (пры працы 40—50 гадзін у тыдзень). На веласіпедзе — 30 злотых у гадзіну. На аўто або скутары — 40—45 (10—12 даляраў).
Арэнда ровара — 600—800 злотых у месяц (156—210 даляраў). Скутар — 1200 і больш (больш за 310 даляраў).
Дызайнеры Glovo выдатна папрацавалі. У дадатку шмат гейміфікацый і чэленджаў.
Напрыклад, калі даставіш 100 заказаў на 8 сакавіка — атрымаеш бонус 200 злотых (52 даляры). Гэта няшмат, але ўсё роўна прыемна.
Планую застацца ў дастаўцы яшчэ надоўга. Летам хачу купіць электрамабіль і працаваць на ім.
На скутары і матацыкле таксама хачу паспрабаваць.
Мне падабаецца гэтая праца, і я спадзяюся, што яна будзе мне падабацца яшчэ доўга.