БЕЛ Ł РУС

Францыя пачала выводзіць свае войскі з Сенегала. Яе ўплывы ў Афрыцы ўсё меншаюць

8.03.2025 / 17:41

Nashaniva.com

Францыя пачала афіцыйную працэдуру вываду войскаў з Сенегала. У пятніцу Парыж абвясціў, што перадаў кантроль над двума вайсковымі аб'ектамі ў гэтай заходнеафрыканскай краіне мясцовым уладам. Перадача баз адбылася пасля таго, як у канцы мінулага года Прэзідэнт Сенегала Басіру Дыямай Фай абвясціў, што ўсе замежныя войскі павінны пакінуць краіну, піша Euronews.

Фота: x.com/Senenews

«Французскі бок перадаў сенегальскаму боку аб'екты і жыллё ў раёнах Марэшаль і Сэнт-Экзюперы ў пятніцу, 7 сакавіка 2025 года, — гаворыцца ў заяве пасольства Францыі ў Сенегале. — Размешчаныя побач з паркам Хан, гэтыя раёны былі гатовыя да вяртання з лета 2024 года».

Толькі 200 французскіх вайскоўцаў яшчэ знаходзяцца на галоўнай вайсковай базе ў раёне Уакам у Дакары.

Лёс астатніх дзвюх баз яшчэ абмяркоўваецца. Сенегальскія ўлады не хочуць спяшацца з вывадам разведвальнага самалёта Falcon французскіх ВМС, які базуецца ў Дакары і дапамагае сенегальскім вайскоўцам у прадухіленні парушэнняў марской мяжы і незаконнага рыбалоўства.

У мінулым месяцы Парыж стварыў сумесную камісію з Дакарам для арганізацыі вываду войскаў. Нядаўна французская армія абвясціла аб звальненні 162 сенегальцаў, якія працавалі на вайсковых базах у краіне.

Новы нацыяналістычны ўрад Сенегала заняў цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да прысутнасці французскіх войскаў у рамках больш маштабнай рэгіянальнай барацьбы са спадчынай каланіяльнага рэжыму. Па ўзаемнай дамове вывад французскіх войскаў павінен скончыцца на працягу 2025 года.

За апошнія гады Парыж пацярпеў шмат няўдач у вайсковай прысутнасці ў Афрыцы, асабліва на захадзе кантыненту. У лік краін, якія нядаўна настаялі на вывадзе французскіх войскаў, уваходзяць Чад, Нігер і Буркіна-Фасо. Востры абмен думкамі паміж прэзідэнтам Макронам, які абвінаваціў афрыканскія краіны ў няўдзячнасці, і новымі лідарамі афрыканскіх дзяржаў паскорыў гэты працэс. Замест французаў у якасці галоўнай знешняй сілы ў гэтыя краіны прыходзіць Расія, якая абапіраецца на ПВК «Вагнер».

Францыя заявіла, што плануе рэзка скараціць сваю прысутнасць на ўсіх сваіх базах у Афрыцы, уключаючы 350 вайскоўцаў у Сенегале, за выключэннем Джыбуці на ўсходзе кантыненту. Па словах Парыжа, замест гэтага яна можа праводзіць навучанне або аказваць мэтавую вайсковую падтрымку зыходзячы з патрэб кожнай асобнай краіны.

Чытайце таксама:

Расія спрабуе дэстабілізаваць Нігерыю. Упадзе яна — упадзе ўся Заходняя Афрыка

У Афрыцы можа выбухнуць яшчэ адна вялікая вайна. І вагнераўцы круцяцца побач

Прарасійскі рэгіён Афрыкі, дзе забілі вагнераўцаў, аб'яднаўся ў канфедэрацыю. Дзеля чаго?

Хто такія туарэгі, якія разграмілі калону вагнераўцаў? І за што яны ваююць?

Макрон абвясціў пра заканчэнне эпохі «французскай Афрыкі» 

Каментары да артыкула