БЕЛ Ł РУС

У Сан-Францыска жыве кот, якога завуць Беларусь. Прытым гаспадыня яго — звычайная амерыканка

11.03.2025 / 18:17

Nashaniva.com

Выданне «Моцныя навіны» пагутарыла з гаспадыняй цікавага шэрага коціка з касымі вочкамі і незвычайнай мянушкай. Рэйчал расказала, адкуль у амерыканскага ката такое імя і як Беларусь стаў папулярны ў інстаграме.

У ката Беларуся амаль 400 тысяч падпісчыкаў у інстаграме і 48 тысяч у фэйсбуку. У яго нават ёсць свой сайт з мерчам: там можна купіць цішоткі, пазлы, карціны і іншую сувенірку з выявай коціка. На сайце напісана, што 100% сродкаў ідуць на падтрымку прытулка, адкуль узялі Беларуся і жывёл, якім трэба дапамога.

Рэйчал расказала беларускім журналістам, што яна некалькі гадоў думала пра тое, каб завесці ката, і падпісалася на розныя акаўнты прытулкаў у інстаграме.

«Раней у мяне быў сабака, але я думала, што з катамі менш клопатаў і ім не будзе так сумна, калі мне давядзецца падоўгу працаваць або падарожнічаць. Аднойчы, калі я ехала на працу ў аўтобусе, то ўбачыла ў сваёй стужцы фатаграфію прытулку, дзе жыў Беларусь, і проста не змагла адарваць позірк ад яго мілых касавокіх вачэй і салодкай пысы. Я адправіла фатаграфію сваёй сястры і маме і напісала: «Калі я завяду ката, то гэта будзе менавіта гэты». Яны адразу ж адказалі, што я абавязкова павінна яго ўзяць», — дзеліцца ўспамінамі жанчына.

Рэйчал нават перанесла свае працоўныя сустрэчы, каб наведаць коціка ў прытулку ў той жа дзень. Высветлілася, што фатаграфія касавокага пухнаціка завірусілася і вельмі шмат людзей звярнулася ў прытулак, каб узяць яго да сябе. Супрацоўнікі сказалі жанчыне, што вызначаць будучага гаспадара ката прыйдзецца праз латарэю.

«Пазней у той жа дзень мне патэлефанавалі і сказалі, што я выйграла ў латарэі. Я не ўпэўненая, была гэта сапраўдная латарэя або яны проста выбралі мяне, але я заехала за ім у той жа вечар!» — расказвае Рэйчал.

Новаспечанай гаспадыні паказалі купу фан-арта, што даслалі розныя людзі анлайн, якім спадабаўся Беларусь. Да жанчыны звярнуўся мясцовы рэпарцёр, які хацеў узяць інтэрв’ю. Такая вялікая цікавасць і варушняк вакол гадаванца прымусілі Рэйчал задумацца пра стварэнне асобнага акаўнта для ката ў інстаграме. Як яна сама прызналася, ніколі не думала, што будзе гэта рабіць, а Беларусь стане такім папулярным.

«На самай справе гэта адбылося толькі таму, што людзі з прытулку былі ў захапленні ад ката, ад таго, што яго забралі, і хацелі сачыць за яго гісторыяй і глядзець, як у яго справы ў новым доме», — тлумачыць амерыканка.

Дзякуючы кату-блогеру, Рэйчал пазнаёмілася і з іншымі ўласнікамі вядомых каціных старонак. Яны сталі супрацоўнічаць. Многія людзі дасылалі ім фан-арты і прапаноўвалі даслаць па пошце малюнкі і прадукты. Так усё пачыналася ў першыя дні.

Вядома, беларусы не маглі не запытацца, як жа з’явілася такая мянушка — Беларусь. Аказалася, што імя кату далі ў прытулку, але хто менавіта і чаму, ніхто так і не ўзгадаў дакладна.

«Я люблю гэтае імя. Гэта ўнікальна, і ён унікальны, і гэта яму пасуе», — кажа жанчына.

У яе ёсць тэорыя, як назва краіны стала мянушкай для коціка. Ён крыху падобны да пароды руская блакітная, але пры гэтым унікальны і непадобны на іншых. Менавіта таму — Беларусь.

«Мне заўсёды падабалася, калі людзі з Беларусі звярталіся да мяне і дзяліліся сваімі гісторыямі і тым, як ім падабаецца ён і яго імя. Я думаю, гэта забаўна, што калі вы пашукаеце Belarus у інстаграме, то знойдзеце майго ката! Я рада чуць, што ён прыносіць радасць і любоў у Беларусь!» — падсумоўвае Рэйчал.

І гэта праўда. Пагадзіцеся, гэты шэры шыкоўны пухнацік сапраўды файны, каб «прадстаўляць» нашую краіну!

Чытайце таксама:

Дзяўчына паказала катоў, якія жывуць ля храма на Гродзеншчыне

У Фінляндыі кот Маўры выратаваў свайго гаспадара ад смяротнай небяспекі

«Кот Кеша праходзіў суразмоўе з гаспадарамі кватэры». Беларусы распавялі пра свой кранальны досвед эміграцыі разам з жывёламі

У Таронта сталі папулярныя каціныя туры

Чаму каты і кошкі так лёгка пралазяць у вузкія шчыліны? І не толькі

Каментары да артыкула