Беларусы сталі атрымліваць лісты ад махляроў з «нацыянальнай паліцыі па наркотыках»
13.03.2025 / 10:14
Спецыялісты кампаніі Kaspersky зафіксавалі новую хвалю махлярства ў Беларусі. Цяпер зламыснікі рассылаюць электронныя лісты ад імя неіснуючай Нацыянальнай паліцыі па наркотыках, піша Office Life.
У такіх лістах адрасатам паведамляецца аб выкліку ў спецыяльнае аддзяленне па барацьбе з наркотыкамі за «неаднаразовы кантакт» з забароненымі рэчывамі. Ашуканцы патрабуюць, каб атрымальнікі лістоў неадкладна выйшлі на сувязь і аплацілі штраф на працягу 12 гадзін, пагражаючы прыцягненнем праваахоўных органаў у выпадку адмовы.
Для павышэння даверу ашуканцы выкарыстоўваюць назву DEA (Drug Enforcement Administration) — упраўлення па барацьбе з наркотыкамі, якое на самай справе знаходзіцца ў ЗША, — уключаючы гэтую абрэвіятуру ў адрас электроннай пошты і подпісы лісты.
Для абароны ад анлайн-махлярства эксперты раяць не рэагаваць на пагрозы і заклікі тэрмінова перавесці грошы, не пераходзіць па спасылках з лістоў ад незнаёмых адпраўнікоў і не перасылаць іх іншым. Не лішнім будзе і ўсталяваць праграмы, якія папярэджваюць аб фішынгавых сайтах і абараняюць прылады ад вірусаў.