БЕЛ Ł РУС

Памочнік Пуціна Патрушаў заявіў, што Расія бачыць пагрозу для сябе ў Балтыі. Дасталася і Фінляндыі

13.03.2025 / 14:28

Nashaniva.com

Памочнік кіраўніка Расіі Мікалай Патрушаў заявіў, што цяпер Расія бачыць пагрозу для сябе з боку НАТА ў Балтыйскім рэгіёне. Таксама ён нагадаў Фінляндыі, што тая «ўвогуле на працягу стагоддзя ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі». 

Мікалай Патрушаў. Фота: Pavel Bednyakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

«Прагноз абстаноўкі на Балтыцы дазваляе звярнуць увагу на наўмыснае распальванне рэгіянальнай напружанасці з боку ваенна-марскіх сіл еўрапейскіх краін альянсу. Высокая верагоднасць далейшага ўзмацнення пагроз расійскай партовай інфраструктуры і свабодзе суднаходства», — расказаў пра пагрозы ў рэгіёне Патрушаў у інтэрв'ю часопісу «Нацыянальная абарона».

Патрушаў заявіў, што НАТА праводзіць палітыку блакавання Расіі ў Балтыйскім рэгіёне,

«грэбуючы аднаўленнем дыялогу паміж Масквой і Вашынгтонам». 

Ён таксама сцвярджае, што абвастрэнне абстаноўкі «зрэжысаваная Лонданам, зацікаўленым у зрыве крокаў па нармалізацыі расійска-амерыканскіх адносін, а таксама перагавораў па Украіне».

Паводле яго слоў, «вайсковыя пагрозы будуць толькі ўзрастаць».

«Па наяўнай інфармацыі, іх ВМС плануюць узмацніць тэрарыстычную дзейнасць у дачыненні да расійскіх падводных трубаправодаў, танкераў і сухагрузаў», — прагназуе ён. 

Патрушаў паабяцаў, што

«Расія не дапусціць замахаў на свае нацыянальныя інтарэсы ў Балтыйскім рэгіёне, нягледзячы на ​​актыўныя намаганні новапрынятых у НАТА дзяржаў, якія літаральна са скуры лезуць, каб прадэманстраваць сваю лаяльнасць Захаду, не ўсведамляючы, у якую небяспечную гульню яны ўступаюць». 

Відавочны намёк на Фінляндыю Патрушаў падмацаваў словамі, што «не варта таксама забываць», што тая «ўвогуле на працягу стагоддзя ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула