Трамп пракаментаваў заяву Пуціна аб спыненні баявых дзеянняў і згадаў пра Запарожскую АЭС
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пракаментаваў заяву Уладзіміра Пуціна аб магчымасці спыненні баявых дзеянняў, выказаўшы надзею, што Расія будзе сябе паводзіць правільна.
Дональд Трамп. Фота: Joe Raedle / Getty Images
«Пуцін зрабіў вельмі шматабяцальную заяву, але яна не была поўнай», — сказаў Трамп журналістам падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ.
Ён выказаў гатоўнасць асабіста гаварыць з Пуціным.
Па словах Трампа, у кантэксце спынення баявых дзеянняў цяпер абмяркоўваюць тое, якія землі мае страціць Украіна, у тым ліку стаіць і пытанне кантролю над Запарожскай АЭС. Гэтая найбуйнейшая ў Еўропе атамная электрастанцыя была захопленая Расіяй вясной 2022 года на пачатковым этапе ваенных дзеянняў.
«Мы абмяркоўвалі з Украінай тэрыторыі і яе часткі, якія будуць утрыманыя і страчаныя, а таксама ўсе іншыя элементы канчатковага пагаднення. Гэта электрастанцыя, вы ведаеце, вельмі вялікая электрастанцыя. Каму дастанецца электрастанцыя і каму дастанецца тое і тое? І таму, ведаеце, гэта няпросты працэс. Але першы этап — гэта спыненне агню», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Гаворачы пра магчымае сяброўства Украіны ў НАТА, Трамп заявіў, што адказ на гэтае пытанне «вядомы ўжо 40 гадоў».
Пры гэтым прэзідэнт ЗША «не думае», што Расія будзе пасля заключэння міру нападаць на кагосьці з саюзнікаў ЗША: «Мы паклапоцімся, каб гэтага не адбылося».
Чытайце таксама:
Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы
«Нафіг я сюды прыйшоў?» Лаўроў не стрымаў эмоцый перад сустрэчай Пуціна і Лукашэнкі ВІДЭА