Чыноўнікам даручылі весці ўлік моладзі, якая выязджае за мяжу на вучобу і працу
14.03.2025 / 10:38
Пра тое, як улады спрабуюць змагацца за адтокам кадраў, з закрытага дакумента даведалася «Люстэрка».
Яшчэ ў сакавіку 2023 года з'явілася дарожная карта для таго, каб пастарацца максімальна ўтрымаць маладых людзей у краіне. Для гэтага Саўмін паставіў задачы мноству ведамстваў і структур. А ў чэрвені 2024-га Мінадукацыі запатрабавала справаздачу аб праведзенай працы. Дакумент з задачамі для ведамстваў «Люстэрка» атрымала з дапамогай «Белпола».
Згодна з дакументам, чыноўнікі збіраліся весці ўлік моладзі, якая выязджае за мяжу для вучобы і працы. Гэта даручылі Мінадукацыі сумесна з галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам ведамства (ІАЦ). Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам таксама павінны «забяспечыць сістэмны кантроль» за тым, як студэнты ездзяць на вучобу, а работнікі — у камандзіроўкі ў іншыя краіны.
Адсочваць хацелі і беларусаў, якія атрымалі адукацыю за мяжой. А яшчэ тых, хто падаў дакументы на апастыляванне. За ўсё гэта будзе адказваць Дэпартамент кантролю якасці адукацыі Мінадукацыі, адпраўляючы ў Мінпрацы даныя гэтых людзей.
Таксама Мінпрацы і сацабароны абавязана накіроўваць у Мінадукацыі інфармацыю аб працаўладкаванні адлічаных выпускнікоў.