БЕЛ Ł РУС

«Забойства на вуліцы Макаёнка». Штучны інтэлект ці чалавек напісалі новы беларускі дэтэктыў?

16.03.2025 / 19:11

Nashaniva.com

Пра неардынарную кнігу расказвае Зося Лугавая.

Верыць ці не верыць, — выбіраць, вядома, нам. У нас ужо ёсць адна дэтэктыўная таямніца — Каміла Цень і яе незабыўная гераіня Зінаіда Юр’еўна. Але Клёк Штучны пайшоў далей і ў нагу з сучаснымі тэхналогіямі. Калі вы ўжо чыталі ці слухалі кнігу (яна першапачаткова выходзіла ў аўдыяфармаце, агучаная праектам «Беларускія аўдыякнігі»), то падзяліцеся сваімі меркаваннямі наконт аўтара ў каментарах пад гэтым артыкулам.

Уступ «Ад рэдактара» сцвярджае, што «Забойства на вуліцы Макаёнка» — прадукт камп’ютарнай праграмы, якая працуе ў рэчышчы «штучнага інтэлекту». Яе папрасілі прачытаць корпус тэкстаў: творы сучаснай беларускай літаратуры, даступнай у сеціве, беларускую палітычную аналітыку за 2020—2022 гады і класічныя брытанскія дэтэктывы канца ХІХ — пачатку ХХ ст. На гэтым падмурку быццам і была створана дэтэктыўная гісторыя з месцам падзеяў у Мінску. 

Пэўная штучнасць у тэксце адчуваецца: спецыфічная дзівакаватасць героеў, іх перабольшаная колькасць. Некаторыя персанажы выглядаюць цалкам неабавязковымі. Апісанне і інтэрпрэтацыя падзей 2020—2022 гадоў таксама спецыфічныя. Пры гэтым тут ёсць напраўду смешныя жарты, іранічныя заўвагі і трапныя назіранні за беларускім жыццём знутры. Ці здольны такое згенераваць штучны інтэлект? Не ведаю, але схіляюся да таго, што гэта як мінімум прадукт супрацы, дзе ўнёсак жывога аўтара быў не апошнім.

Але з гэтым тэкстам здарылася тое, што і са шматлікімі іншымі мастацкімі тэкстамі ў сучаснай беларускай літаратуры. Ён закароткі для сваёй ідэі: усяго 230 старонак невялікага фармату. Такое здараецца часта: цікавая задума, якую аўтар не да канца распрацоўвае. І застаецца адчуванне незавершанасці. Тут можна прыгадаць «Дзіўную місію» Сяргея Плескача, якая пазалетась выходзіла ў тым жа выдавецтве «Янушкевіч». Альбо «Жэтон на метро» Андрэя Федарэнкі ці «Кэмэл-Трэвэл» Вольгі Гапеевай. І нават адкрыццё гэтага года — кніга Югасі Каляды «Перамена месцаў» — магла б быць даўжэйшай. 

«Забойства на вуліцы Макаёнка» — гісторыя пра гільдыю гарадскіх вар’ятаў, адну з удзельніц якой забіваюць. Адбываецца гэта ў дзіўным месцы і дзіўным спосабам.

Міліцыя занятая іншымі справамі і шукаць забойцу не спяшаецца.

Разбірацца, што да чаго, даводзіцца Якубу Пісьменнаму, мужчыне «познемаладых» гадоў. Ён унук не так даўно памерлай бабы Хані, якая была імпрэсарыа ледзь не ўсіх гарадскіх вар’ятаў у Мінску. Падзеі адбываюцца ў 2022 годзе і часткова звязаны з пратэстамі 2020-га. 

Кніга пакідае адчуванне, што не ўсе канцы гісторыі сышліся. Ці не зусім так, як мусілі б, у напраўду добрым дэтэктыве. Ёсць лішак герояў, якія няхай і ствараюць каларытную масоўку, але аб’ектыўнай патрэбы ў іх не адчуваецца. Як, напрыклад, персанаж, якога мы сустракаем у кнізе першым. Захар — аматар вайсковай рэканструкцыі, акцёр масоўкі фільмаў пра Другую сусветную, які становіцца палітруком карнага атрада міліцыі. Спецыялізацыя Захара на новай працы — «неймаверныя». Лёс Захара цікавы і эфектны, яму надаецца шмат увагі напачатку. А пасля Захар знікае, каб з’явіцца яшчэ двойчы, аднак роля яго не надта пераканаўчая: яго ў гэтай гісторыі магло і не быць.

Тое, што ў кнізе чапляе, — гумар.

Яны адметныя, часам з’едлівыя, з прысмакам стомленасці ад усяго гэтага нашага беларускага жыцця пасля 2020 года. Напрыклад, не да канца ўваскрэслая баба Ханя цяпер размаўляе толькі «рыторыкай рэвалюцыі дваццатага».

«…на маё пытаннечка «Адкуль Прымадонна ведае, што ты прывід?» — баба Ханя стомлена кіўнула галавой і адчаканіла:

— Стоп-таракан. Тры працэнты. Жыве!

…Цяпер, праз месяц пасля ўваскрашэння, яна спрабавала іншую тактыку: гаварыць як мага больш. Таму цяпер, усміхнуўшыся мне, здань бабы Хані зайшла з іншага боку:

— Ты неймаверны!»

У кнізе няма ніводнага бездакорна станоўчага героя. Пакрысе становіцца ясна, што кожны з іх хавае шкілет ў шафе — таго ці іншага памеру. Большасць з гэтых шкілетаў не маюць наўпроставага дачынення да развіцця дэтэктыўнага сюжэта, але цікавыя самі па сабе. У пэўны момант для мяне гэта ўсё стала выглядаць як спроба замаскаваць пад экстравагантны дэтэктыў зусім іншую гісторыю. Пра тое, чым і як жыве Мінск пасля таго, як усё актыўнае, жывое, творчае ў ім гвалтам прымусілі сціхнуць ці знікнуць. 

«Гэтая злосць, калі толькі што пачуў пра чыёсьці жорсткае затрыманне з ператрусам або цяжкі вырак у судзе знаёмага чалавека… пасля гэтай навіны наступаюць паўгадзіны непазбыўнага, нічым не разведзенага гневу. Потым, вядома, гэты гнеў, гэтая неперастрававаная камлыга, усмокчацца, утопчацца, утрамбуецца ў нашу доўгацярплівую плоць… Аднак першыя хвіліны ты проста павінны насварыцца на кагосьці блізкага».

Сярод дзівакаватага дэтэктыўнага сюжэта трапляюцца рэалістычныя, жыццёвыя эпізоды. З дробкай іроніі, вядома. Як, напрыклад, пра ператрус у кватэры Якуба, дзе ён жыў з бабуляй і ў якой поўна рознай драбязы, назапашанай за доўгія гады жыцця: «Недзе сярод дзівосаў і каланіяльных драбніц, усё роўна як заначка, хаваўся мой экстрэмізм. Але дзе ты яго знойдзеш!»

І нават без успамінаў і рэфлексій не абыдзецца. Напрыклад, як у гутарцы паміж самым адэкватным гарадскім вар’ятам і Якубам. Пытанне, якое задае дзядзя Мяўк, адрасаванае не толькі Якубу, але і ўсім нам: 

«…лета, Мінск, вуліцы, поўныя шчаслівых людзей. Мы дыхалі на поўныя грудзі. Усё роўна, як нейкія муры, агароджы і сценкі абрынуліся. Можа, я цяпер думаю, гэта былі пярэбаркі і загарадкі ў нашых галовах?.. Сёння, Якубік, праўда, я трохі не разумею, навошта і куды мы тады маршавалі па цэнтральных вуліцах нашых гарадоў? Можа быць, мы хацелі выйсці па праспекце з гэтай краіны і зямлі ўпрочкі?..»

Між тым, разгадка таямнічага забойства знойдзецца (хіба што вінавайца пазбегне адпаведнага пакарання), не абыдзецца без сямейных таямніц і драмаў, будуць раненні, уцёкі і нават «суткі» (куды ж без іх у Беларусі 2022-га).

Карацей, сумна не будзе. Магчыма, гэта не самы бліскучы дэтэктыў, але дакладна цікавы літаратурны эксперымент. 

Клёк Штучны. Забойства на вуліцы Макаёнка. — Варшава: Янушкевіч, 2024

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула