БЕЛ Ł РУС

Зянон Пазняк: Ні беларусам, ні асабліва ўкраінцам нельга ахайваць Трампа

16.03.2025 / 10:30

Nashaniva.com

Ветэран беларускага руху даў нядзельную ўстаноўку сваім прыхільнікам, у якой заклікаў не злаваць Амерыку і Трампа.

Лідар руху «Вольная Беларусь» і кандыдат у прэзідэнты — 1994 Зянон Пазняк засцярог сваіх падпісчыкаў ад крытыкі ЗША і Дональда Трампа.

«Ні беларусам, ні асабліва ўкраінцам нельга ахайваць Амерыку і законна выбранага амерыканскім народам прэзідэнта Дональда Трампа. Ніхто не мае права зневажаць асобу і ганьбіць вялікую дэмакратычную краіну, ад якой залежаць лёсы свету. Усё, што робіць і што будзе рабіць прэзідэнт Трамп, ідзе на карысць Украіны і ўрэшце можа стаць яе паратункам», — тлумачыць Пазняк.

Ён пералічвае стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы Беларусі на цяперашнім гістарычным этапе:

1) Ацалець як нацыі і зберагчы нашу дзяржаву Беларусь.

2) Не даць зацягнуць Беларусь у чужую вайну.

3) Пазбавіцца ад акупацыйнага лукашысцкага рэжыму і разбуральнага ўплыву Расіі.

Пазняк тлумачыць, што адзіная краіна, якая магла б дапамагчы беларусам утрымацца і нават дасягнуць будучыні, — гэта ЗША. І, адпаведна, Трамп.

Ён спадзяецца, што ў Беларусь пацякуць амерыканскія інвестыцыі, узамен на зняцце санкцый выйдуць на свабоду палітвязні, а Беларусь атрымае кампенсацыі за санкцыі.

Пазняк перакананы, што перамовы аб міры пачнуцца. На яго думку, у беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных інтарэсах, каб гэтыя перамовы адбываліся ў Мінску, у Беларусі.

«Будучыня будзе (павінна стаць) толькі такой, беларускай і сваёй, бо іншай будучыні ў гэтых абставінах не можа быць», — падсумоўвае Пазняк свой зварот пад назвай «Беларусь перадусім».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула