Аэрапорт Львова могуць адкрыць ужо ў канцы вясны
Каля сямі міжнародных авіякампаній гатовыя аднавіць палёты ва Украіну на працягу месяца пасля адкрыцця тэрміналаў.
Міжнародны аэрапорт Львова. Фота: сацсеткі аэрапорта
Львоўскі міжнародны аэрапорт імя Данііла Галіцкага могуць адкрыць для палётаў ужо ў канцы вясны. Пра гэта паведаміла гендырэктар аэрапорта Таццяна Раманоўская, паведамляе выданне «Высокі замак».
Паводле аптымістычнага сцэнару аэрапорт можа аднавіць сваю працу ў красавіку-маі 2025 года, паводле іншага сцэнару — летам.
Каля сямі міжнародных авіякампаній гатовыя аднавіць палёты ва Украіну на працягу месяца пасля адкрыцця тэрміналаў. Гэта Wizzair, Air Baltic, «Турэцкія авіялініі», Sky Up, «Аўстрыйскія авіялініі», Lufthansa, LOT, паведаміла гендырэктарка аэрапорта.
«Чартарныя рэйсы, хутчэй за ўсё, будзе спрабаваць вярнуць авіякампанія Sky Up. У іх добрая сетка маршрутаў у Еўропе. Тыя ж маршруты гатовыя выконваць і з Львова. Або з іншага ўкраінскага горада. Сёлета прадстаўнікі авіякампаніі выйшлі да нас з камунікацыяй, правялі свае аўдыты. Прадстаўнікі Wizzair яшчэ летась правялі свой аўдыт. Праводзяць папярэдні аналіз і калі будзе рашэнне аб адкрыцці неба, на працягу трох-чатырох дзён прыязджаюць да нас працаваць», — сказала Раманоўская.