БЕЛ Ł РУС

Рэпрэсіі спыніліся? Вось што кажа статыстыка

17.03.2025 / 15:43

Nashaniva.com

Пра тое, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не змяншаюць абаротаў, красамоўна гаворыць статыстыка па пераследзе жыхароў Гомельскай вобласці. Са спасылкай на начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама Андрэя Майсейкава газета Гомельскага гарвыканкама апублікавала некаторыя лічбы, заўважыў «Флагшток». 

Паводле міліцэйскіх звестак, у студзені 2025 года ў Гомельскай вобласці «зафіксавана 50 злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці», па якіх устаноўлены 34 падазроныя. Гэта значыць, што некаму ставяць у віну не адзін, а шэраг палітычна матываваных артыкулаў КК.

Паводле слоў Майсейкава, часцей за ўсё палітычныя крымінальныя справы звязаны з публічнай абразай Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, «распальваннем варожасці», «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці».

Верагодна, сярод гэтых 50 крымінальных спраў – істотная доля «злачынстваў» 2020 года — сілавікі да гэтага часу шукаюць тых, хто пісаў негатыўныя каментары ў адрас уладаў у сацсетках і чатах. Пра гэта нядаўна гаварыў і пракурор Гомельскага раёна Аляксандр Шынкароў.

Акрамя крымінальнага пераследу працягваецца і пошук тых, хто падпісаны на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, абвешчаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі».

Майсейкаў заявіў, што за студзень складзена 122 пратаколы «за лайкі і падпіскі» (афіцыйна гэта гучыць як «распаўсюд і захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе яе).

У раскладзе судоў такой колькасці працэсаў не было — значыць, суды хаваюць рэальную карціну або не паспяваюць уносіць усе справы ў расклад.

Начальнік упраўлення пры гэтым запэўнівае, што выключана прыцягненне да адказнасці чалавека, які выпадкова лайкнуў публікацыю — «па кожным грамадзяніне, які дапусціў такія дзеянні, праводзіцца праверка».

Акрамя таго, Майсейкаў заявіў, што нібыта «ў апошнія два гады адбылася істотная трансфармацыя: прыхільнікі экстрэмісцкіх поглядаў выкарыстоўваюць больш радыкальны метад — падрыхтоўку і арганізацыю тэрактаў на тэрыторыі рэспублікі». Хаця пра такія факты нічога не паведамлялася — былі толькі адзінкавыя працэсы за «тэракты» па сфабрыкаваных абвінавачваннях.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула