БЕЛ Ł РУС

Брэнд таксі Maxim патлумачыў, што значыць выключэнне ягонага дыспетчара з рэестра

17.03.2025 / 17:42

Nashaniva.com

Днямі з'явілася інфармацыя, што за парушэнне заканадаўства з рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў упершыню выключаны дыспетчар таксі. Ён працаваў з брэндам Maxim. Акрамя таго, транспартная інспекцыя вырашыла абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу taximaxim.by. Аднак інфармацыйная сістэма Maxim не была выключаная з рэгістра сістэм і рэсурсаў, паведамілі прадстаўнікі брэнда.

Фота ілюстрацыйнае

«Працэдуру выключэння з рэестра дыспетчараў ужылі да нашага франчайзі-партнёра. Брэнд «Максім» застанецца працаваць на рынку Беларусі пасля зняцця блакаванняў інфармацыйных рэсурсаў, якія былі ажыццёўленыя з парушэннем прававых нормаў», — заявілі ў кампаніі.

Прадстаўнікі брэнда патлумачылі, што рэестр дыспетчараў і рэгістр сістэм — два розныя ўліковыя рэсурсы. У рэестры дыспетчараў знаходзяцца дыспетчары, якія ажыццяўляюць функцыю перадачы заказаў. У рэгістры інфармацыйных сістэм знаходзяцца сістэмы, якія апрацоўваюць базы даных.

«Максім» з'яўляецца выключна ўладальнікам інфармацыйнай сістэмы, а функцыі дыспетчара выконваў франчайзі-партнёр.

У кампаніі таксама лічаць, што «Максім» не здзяйсняў парушэнняў, якія маглі б стаць падставай для блакавання інфармацыйнай сістэмы. Сэрвіс захоўваў і апрацоўваў інфармацыю ў рамках заканадаўства.

Блакаванне інфармацыйных рэсурсаў было праведзена ў аднабаковым парадку, «Максім» не атрымліваў апавяшчэння. У выніку сэрвіс будзе абскарджваць рашэнне, а дыспетчарам гатовы выступіць іншы франчайзі-партнёр, які абавязваецца выконваць усе патрабаванні.

«Наша мэта — як мага хутчэй аднавіць магчымасць заказу паездак для жыхароў Беларусі і вярнуць крыніцу даходу для легальных перавозчыкаў», — дадалі ў кампаніі.

Чытайце таксама:

Буйному дыспетчару таксі забаранілі працу ў Беларусі

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?

Кампанія А1 стане дыспетчарам таксі

Каментары да артыкула