У расійскай МТС расказалі, за колькі купілі беларускі Eleven
17.03.2025 / 18:45
Расійская тэхналагічная група МТС дала справаздачу за мінулы год і прывяла некаторыя падрабязнасці буйных здзелак, піша Sputnik.
Фота: eleven.city
Са справаздачы вынікае, што беларускі сэрвіс кікшэрынгу і распрацоўкі Eleven, які займаўся распрацоўкай электрасамакатаў, быў летась прададзены расійскай групе МТС за 807 мільёнаў расійскіх рублёў (больш за 29 мільёнаў беларускіх).
«У лістападзе 2024 года група набыла актывы і 100% долю ў кампаніі-распрацоўшчыку электрасамакатаў з Беларусі. Мэтай набыцця з'яўляецца стварэнне Цэнтра даследаванняў і распрацовак сродкаў індывідуальнай мабільнасці», — сказана ў дакуменце.
У справаздачы паведамляецца, што па выніках здзелкі ім перадалі долю 4,9% у адной з кампаній групы МТС — аператары сродкаў індывідуальнай мабільнасці. Умовай пагаднення таксама была і опцыя зваротнага выкупу для беларускага боку.
У Беларусі кампанія Eleven працуе з 2019 года. Яе супрацоўнікі стварылі дзве мадэлі электрасамакатаў, ровар і грузавы велабайк для дастаўкі. Акрамя Беларусі, шэрынгавы сэрвіс Eleven развіваецца ў Грузіі, Расіі і Казахстане.
У канцы 2024 года паведамлялася, што дзякуючы гэтай здзелцы расійская МТС мае намер лакалізаваць вытворчасць электрасамакатаў у Расіі.
Акрамя таго, група працягвае валодаць 49% у беларускім тэлекам-аператары МТС. Паводле даных справаздачы, прыбытак ад гэтага актыву расце. За 2024 год для расійскага боку ён склаў амаль 6,2 мільёна расійскіх рублёў (каля 224 тысяч беларускіх), у тым ліку прыкладна 4,7 мільёна (каля 170 тысяч беларускіх) склалі дывідэнды.
Чытайце таксама:
Расійская кампанія купіла беларускага распрацоўшчыка электрасамакатаў