Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце
19.03.2025 / 16:26
Ад Мінска, Смаленска і Вільні да такіх экзатычных месцаў, як Камерун, Уругвай, Чылі і Паўночная Карэя — амаль на кожным кантыненце нараджаліся беларускія грамадзяне.
Карта мясцін у Беларусі, дзе нарадзіліся беларускія грамадзяне. Фота: query.wikidata.org
Картамі ў твітары падзяліўся карыстальнік ČUBAKA.
На іх пунктамі пазначаны месцы, у якіх нарадзіліся падданыя Вялікага Княства Літоўскага, грамадзяне БНР, Беларускай ССР і незалежнай Беларусі. Карты з'яўляюцца візуалізацыямі інфармацыі Вікіданых — вялікай базы, якая аб'ядноўвае даныя з разнастайных вікі-праектаў, у першую чаргу Вікіпедыі, і іншых адкрытых баз даных.
Карта мясцін у свеце, дзе нарадзіліся беларускія грамадзяне. Фота: query.wikidata.org
Па спецыяльным запыце да Вікіданых было адшукана больш за 11 тысяч чалавек, звязаных з Беларуссю. Пошук па грамадзянстве не ідэальны: з выдачы выпадаюць дзеячы, якія жылі ў часы Расійскай імперыі і, часткова, у міжваеннай Польшчы, тыя, у каго ў базе пазначана грамадзянства СССР (хоць грамадзянства БССР насамрэч існавала) ці не пазначана ніякае грамадзянства, а таксама тыя, у каго не пазначана канкрэтнае месца нараджэння.
Карта мясцін, дзе нарадзіліся падданыя Расійскай імперыі (больш за 100 тысяч асоб). Бачна, што найбольш выбітных дзеячаў імперыі далі не этнічна рускія землі, а ў першую чаргу ўкраінская, а пасля закаўказскія, прыбалтыйскія і беларускія губерні. Вялікая светлая пляма — палескія балоты. Фота: query.wikidata.org
Карта мясцін, дзе нарадзіліся падданыя Расійскай імперыі. Калі народжаныя ў беларускіх губернях асобы не дажылі да 1918 года або з'ехалі будаваць навуковую кар'еру ў іншае месца, то іх кропкі не трапляюць на карту беларускіх грамадзян. Фота: query.wikidata.org
Тым не менш нават з такімі абмежаваннямі карта дае ўяўленне пра тое, якія рэгіёны далі Беларусі найбольш дзеячаў, якія аказаліся вартымі артыкула ў Вікіпедыі. Размеркаванне кропак зусім не раўнамернае. Напрыклад, вялікія лясныя масівы былі амаль не заселены і тут няма ніякіх кропак.
Найбольш шчыльнае скопішча кропак выявілася ва ўрадлівых бязлесых далінах ад Слуцка да Навагрудка і вакол Мінска. А вось на этнічных беларускіх тэрыторыях па-за межамі Беларусі няма ўвогуле ніякіх скопішчаў, толькі паасобныя кропкі. Гэта тлумачыцца тым, што адбор вядзецца па грамадзянстве, а не па этнічнай прыналежнасці, пра якую звычайна няма ніякай надзейнай інфармацыі.
Дзяржаўныя межы Беларусі прасочваюцца выразна, а вось межаў міжваеннай Польшчы не бачна зусім, бо яна існавала ўсяго два дзесяцігоддзі, большасць людзей перажылі гэты перыяд і сталі грамадзянамі савецкай Беларусі. Межы міжваеннай Польшчы можна пабачыць толькі пры пошуку месцаў нараджэння польскіх грамадзян (больш за 75 тысяч асоб). У тым ліку выразна бачныя і «новыя землі», адабраныя ў Германіі пасля Другой сусветнай вайны.
Карта мясцін, дзе нарадзіліся польскія грамадзяне. Фота: query.wikidata.org
Але некаторыя сляды дэмаграфічных узрушэнняў XX стагоддзя можа пабачыць і тут. Віленшчына, дзе вялікая частка насельніцтва ідэнтыфікавала сябе як палякаў, дала досыць мала вядомых імёнаў Беларусі ў XX стагоддзі.
Яшчэ больш дзіўнай сітуацыя выглядае на аналагічнай карце для грамадзян Літвы, на якой выразна бачны вялікі «плеш» вакол Вільні. Карыстальнік, які загрузіў карты, бачыць некалькі варыянтаў тлумачэння гэтаму. Па-першае, тыя, хто лічыў сябе палякамі, пасля 1939 года былі рэпрэсаваныя і дэпартаваныя, або самі выехалі ў Польшчу. Па-другое, славянская меншасць магла апынуцца ў сацыяльнай ізаляцыі ў Літве або мясцовыя вікіпедысты не звяртаюць увагі на дзеячаў нелітоўскай культуры.
Карта мясцін, дзе нарадзіліся літоўскія грамадзяне. Фота: query.wikidata.org
Рэканструкцыя мяжы паміж літоўскай і славянскімі мовамі ў канцы XIX ст. Фота: Цэнтр геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы
Карта мясцін, дзе нарадзіліся беларускія і літоўскія грамадзяне. Фота: query.wikidata.org
Тым не менш месцы, дзе нараджаліся беларускія грамадзяне, зусім не абмежаваныя сучаснымі межамі, нямала іх па ўсім былым Савецкім Саюзе, Усходняе Еўропе. Таксама ёсць зусім экзатычныя мясціны — Камерун, Уругвай, Чылі і Паўночная Карэя.
Кропка ва Уругваі — гэта беларускі перакладчык Карлас Шэрман, у гонар якога названая перакладчыцкая прэмія, у Чылі — беларускі кампазітар Сяргей Картэс, у Паўночнай Карэі — беларускі фізік Ігар Ташлыкоў, які нарадзіўся ў 1946 годзе ў савецкай зоне акупацыі Карэі. А вось кропка ў Камеруне — гэта футбаліст Вобга Цьенчэн, які ў 2013 годзе стаў звацца Цярэнціем Луцэвічам.
Беларускі футбаліст Цярэнцій Луцэвіч. Фота: Wikimedia Commons
А вось кропкі ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе амаль выключна спартсмены, якія выступалі за Беларусь. Хутчэй за ўсё ў іх выпадку паблытана спартыўнае і рэальнае грамадзянства. Уяўляецца малаверагодным, каб прыроджаны амерыканец адмовіўся ад грамадзянства ЗША дзеля атрымання пашпарта Беларусі.