«Пул першага» адказаў Украіне на «таракана»
18.03.2025 / 17:37
Наталля Эйсмант заявіла, што Лукашэнка гэтым разам не абражаў Зяленскага, а проста ўзгадваў, як абражаў раней. Прагучаў і яшчэ шэраг заяў.
Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Фота: Maxim Shemetov Pool Photo via AP
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай другі раз назваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага гнідай.
У адказ МЗС Украіны узгадаў пра «таракана». Спікер міністэрства Георгій Ціхі, адрэагаваўшы на навіну ў твітары «Нашай Нівы», напісаў:
«Абразы на адрас кіраўніка ўкраінскай дзяржавы недапушчальныя, асабліва з боку саўдзельніка злачынства агрэсіі супраць Украіны.
Зрэшты, пераход у сферу энтамалогіі дакладна не пойдзе на карысць таракану».
На таракана ў Палацы незалежнасці не маглі не адказаць. Гэта зрабіў тэлеграм-канал «Пул першага», які звязаны з прэс-сакратаркай Лукашэнкі Наталляй Эйсмант.
«Першы (так дзяржСМІ называюць Лукашэнку. — Заўв.) даваў інтэрв'ю Вользе Скабеевай. Пытанне задалі — ён на яго адказаў.
І панеслася. Заданне спікеру Ціхаму — ціхенька на сваёй старонцы ў Х накрэмзаць пра таракана.
Ну але добра, мы памятаем, якімі словамі афіцыйны Кіеў называў нашага прэзідэнта. І прэзідэнтам то была каманда не называць. Але Лукашэнку пакрыўдзіць складана. У адрозненне ад запальчывага Зяленскага», — гаворыцца ў паведамленні, якое з'явілася, відаць, не з-за крыўды.
А далей «Пул першага» прыводзіць поўную цытату Лукашэнкі: «Ну, ён Валодзя, як сын мне быў. Але зрабіў як гніда. Як яго назваць? Я тады так і называў. Гэта, напэўна, непрыгожа з майго боку, але дакладна было. Так нельга рабіць».
То-бок, на думку прэс-службы палітыка, Лукашэнка гэтым разам не абражаў Зяленскага, а проста ўзгадаў, як ён абражаў яго раней.
На заканчэнне канал, які ўвогуле нібыта не пакрыўдзіўся на выказванне пра таракана, вырашыў успомніць адзін з народных мемаў.
Калісьці Лукашэнка заявіў, што не трымаецца сінімі пальцамі за прэзідэнцкае крэсла. Цяпер прэс-сакратарка палітыка, які кіруе ўжо 30 гадоў, вырашыла ўжыць гэтую фразу да Зяленскага — ён ва ўладзе з 2019 года і перанёс выбары з-за вайны.
«А ўвогуле кажучы, і праўда, паслухаў бы Уладзімір Аляксандравіч, глядзіш, па-іншаму склаўся б лёс. А цяпер даводзіцца сінімі пальцамі за прэзідэнцтва, якое выслізгвае, трымацца», — напісаў «Пул першага».
Чытайце таксама:
Лукашэнка пра Зяленскага: Валодзя як сын мне быў, але паступіў як гніда
«Не пойдзе на карысць прусаку». МЗС Украіны адрэагаваў на словы Лукашэнкі пра Зяленскага
Ад «гніды» да «Уладзіміра Аляксандравіча». Лукашэнка зноў запаважаў Зяленскага
«Ні з гнідай, ні з Валодзем я не размаўляю». Лукашэнка расказаў пра перамовы з Украінай
Лукашэнка назваў Зяленскага «гнідай», а «Байпол» — «мудакамі»