БЕЛ Ł РУС

Парламент Германіі прыняў гістарычнае рашэнне

18.03.2025 / 19:29

Nashaniva.com

Бундэстаг прыняў фінансавы пакет, які прадугледжвае шматмільярдныя інвестыцыі ў абарону і інфраструктуру.

Будучы канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. Фота: Kay Nietfeld picture alliance / Getty Images

Нямецкі парламент ухваліў змяненне ў Канстытуцыі, якое патрабавала эканомна расходаваць бюджэтныя сродкі. «Тормаз» дазволена аслабіць для выдаткаў на абарону і для патрэб федэральных зямель, распавядае Deutsche Welle.

Пасля складаных перамоваў і шэрагу саступак кансерватыўны блок у складзе ХДС/ХСС і сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) дамагліся падтрымкі пагаднення з боку партыі «Саюз-90»/«Зялёныя».

Сумесна яны маюць 520 галасоў у Бундэстагу, што на 31 голас больш, чым патрабавалася для большасці ў дзве траціны галасоў, неабходнага для ўнясення паправак у Канстытуцыю ФРГ.

Цяпер у краіне будуць рэзка павышаны выдаткі на абарону, абарону грамадзянскага насельніцтва і разведку. Выдаткі вышэй за 1% ВУП не будуць улічвацца ў разліку абмежаванняў на запазычанні.

Будзе створаны спецыяльны фонд на 500 мільярдаў еўра на інвестыцыі ў інфраструктуру ў бліжэйшыя 10 гадоў. 100 мільярдаў еўра з іх будуць накіраваныя на мерапрыемствы, звязаныя са змяненнем клімату.

Выдаткі на дапамогу дзяржавам, «якія падвергліся нападу ў парушэнне міжнароднага права», таксама не будуць улічвацца пры разліку даходаў і выдаткаў.

Змены дазволяць адыходзячаму з пасады канцлера Олафу Шольцу падпісаць пакет дапамогі Украіне ў 3 мільярды еўра ўжо на наступным тыдні, удакладняе Бі-бі-сі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула