Кошт аўтамабільнай страхоўкі цяпер будзе разлічвацца ў базавых велічынях
18.03.2025 / 20:3
Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што 18 сакавіка ён падпісаў указ № 108 «Аб страхаванні». Дакумент, як заяўляецца, «прыводзіць у адпаведнасць з законам «Аб страхавой дзейнасці» (уступіў у сілу 1 студзеня 2025 года) асобныя прававыя акты».
Фота ілюстрацыйнае
«У ліку навацый указа — наданне магчымасці выплачваць страхавыя ўнёскі (ажыццяўляць выплаты) у безнаяўнай форме з выкарыстаннем сучасных плацежных сродкаў; усталяванне ў базавых велічынях (да гэтага былі ў еўра) страхавых сум і памераў страхавых унёскаў па абавязковым страхаванні ўладальнікаў транспарту, медстрахаванні замежных грамадзян з часовым знаходжаннем», — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя гэтага, указ прадугледжвае, што «дамова абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў дапаўняецца дзейнай у Беларусі і Расіі дамовай саюзнага страхавання».
«Вызначаецца парадак страхавых выплат пацярпелым у выніку ДТЗ у выпадках, калі перавозчык не заключыў дамову абавязковага страхавання адказнасці перад пасажырам і немагчыма спагнаць шкоду ў судовым парадку. У выпадку выплат кіроўцам за кошт сродкаў гарантыйных фондаў дададзена прычыненне шкоды жыццю або здароўю ў выніку ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл незалежна ад віны кіроўцы», — адзначаецца ў рэлізе.
Указам «надаецца магчымасць ажыццяўлення выплат страхавой кампенсацыі на адрас нерэзідэнта ў замежнай валюце ў рамках дамовы страхавання грамадзянскай адказнасці рэзідэнта па экспартным кантракце».
«Для абавязковага страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў устаноўленыя гранічныя памеры сум, якія могуць быць спагнаныя «Белдзяржстрахам» з вінаватых у прычыненні шкоды застрахаваным асобам у кошт выплачанага ім страхавога забеспячэння (пры прычыненні шкоды наўмысна — 2 тыс. базавых велічынь, без намеру — 500). Спрошчаныя ўмовы атрымання страхавальнікам растэрміноўкі ў выплаце пратэрмінаваных страхавых унёскаў, штрафаў, пеняў», — заяўляе прэс-служба Лукашэнкі.
Таксама ўказам «уведзены шэраг абмежаванняў у дзейнасці страхавых пасярэднікаў».
Раней паведамлялася, што з 1 студзеня на тэрыторыі Беларусі пачаў дзейнічаць адзіны з Расіяй поліс АСАГА (абавязковае страхаванне аўтаграмадзянскай адказнасці).
Чытайце таксама:
Адзінае аўтастрахаванне паміж Беларуссю і Расіяй запрацуе з новага года
Лукашэнка падпісаў указ аб абмене з Расіяй інфармацыяй пра перасячэнне мяжы