Пад Віцебскам інструктары ПВК «Вагнер» трэніруюць афрыканскіх байцоў кіраваць дронамі
18.03.2025 / 21:30
Пра гэта паведаміла французскае выданне Intelligence Online са спасылкай на крыніцы ў Варшаве. Публікацыю заўважыў Reform.by.
Баевікі ПВК «Вагнер». Ілюстрацыйнае фота: Anadolu / Getty Images
Служба ваеннай выведкі Польшчы занепакоеная ростам колькасці навучальных курсаў па вядзенні баявых дзеянняў з дапамогай беспілотнікаў, якія праводзяцца інструктарамі ПВК «Вагнер» у Віцебску, піша Intelligence Online.
Паводле інфармацыі выдання, кожны месяц цэнтр пад Віцебскам прымае на навучанне замежных вайскоўцаў з Афрыкі. Апошнімі ўдзельнікамі курсаў, якія завяршылі падрыхтоўку ў канцы лютага, сталі байцы 36-га батальёна спецыяльнага прызначэння Лівійскай нацыянальнай арміі пад камандаваннем Халіфы Хафтара.
Некалькі дзён таму на аэрадроме ў Віцебску з'явіўся яго сын садам Хафтар, а разам з ім — Руслан Члалян, вядомы пад пазыўным «Радзімір», які курыруе аперацыі ПВК «Вагнер» у Лівіі ад імя Масквы. Яны прыбылі для назірання за ваеннымі манеўрамі ў трэніровачным лагеры.
Чакаецца, што найбліжэйшым часам на аналагічны курс прыбудуць вайскоўцы з Малі. Варшава выказвае занепакоенасць распаўсюджваннем такіх ведаў і спрабуе папярэдзіць саюзнікаў па НАТА.
Курсы праходзяць у жорстка структураваным фармаце: на працягу трох тыдняў удзельнікі асвойваюць асновы кіравання тактычнымі разведвальнымі і ўдарнымі дронамі Autel Robotics Evo II і DJI Mavic 3 Pro, а таксама вывучаюць метады прымянення камплектаў для скіду боепрыпасаў.
Частка праграмы прысвечана зборцы беспілотнікаў FPV з выкарыстаннем 3D-прынтараў, праграмаванню бартавога ПА, кіраванню лятальнымі апаратамі і прымяненню супрацьпяхотных і процітанкавых зарадаў.
Палігон пад Віцебскам уключае разгалінаваную сетку траншэй і спаленую бранятэхніку — умовы, набліжаныя да тых, што ёсць на полі бою ва Украіне.
Удзельнікі праходзяць і курс па барацьбе з беспілотнікамі, выкарыстоўваючы сістэмы радыёэлектроннага падаўлення SERP-VS6D, пастаўленыя Расійскай дзяржкарпарацыяй «Ростех».
У чэрвені 2023 года Лукашэнка дамовіўся з ПВК «Вагнер» аб тым, каб прыняць іх у Беларусі. З тых часоў польская выведка занепакоена актыўнасцю баевікоў. Спецслужбы па выведцы і Агенцтва ўнутранай бяспецы асцерагаюцца, што члены ПВК могуць быць уцягнутыя ў дыверсійную дзейнасць і іншыя таемныя аперацыі, накіраваныя супраць Польшчы.