«Трамп, відаць, не пагадзіўся на гэтыя вар'яцкія ўмовы»: першыя рэакцыі на размову Трампа з Пуціным
18.03.2025 / 23:2
Першыя рэакцыі на вынікі тэлефоннай размовы Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа знаходзяцца ў дыяпазоне ад канстатацыі правалу перамоў да аптымістычных ацэнак. Выказванні палітыкаў і даследчыкаў назбірала «Агентство».
Дональд Трамп. Фота: Andrew Harnik / Getty Images
«Такім чынам, сутнасць у тым, што Зяленскі пагадзіўся на поўнае спыненне агню, а Пуцін — не», — напісаў у Х галоўны знешнепалітычны карэспандэнт газеты The Wall Street Journal Яраслаў Трафімаў, каментуючы вынікі перамоў.
«У тлумачэнні тэлефоннай размовы Трампа і Пуціна Крамлём гаворыцца, што 30-дзённае спыненне агню патрабуе ад Украіны спыніць мабілізацыю ў свае ўзброеныя сілы, пераўзбраенне і патрабуе спынення замежнай вайсковай дапамогі і супрацоўніцтва ў сферы выведкі. Па сутнасці, гэта капітуляцыя», — дадаў Трафімаў у іншым пасце.
«Цалкам прадказальна Пуцін адхіляе безумоўнае спыненне агню, прапанаванае Украінай, адпраўляе Трампа на заданне палегчыць расійскае ўварванне… хоць Трамп сцвярджае, што ён чагосьці дамогся», — напісаў амерыканскі гісторык, прафесар Ельскага ўніверсітэта Цімаці Снайдэр.
Аб фактычным правале ідэі перамір'я піша і былы амбасадар ЗША Ва Украіне Стывен Пайфер: «Прымусіўшы Трампа чакаць, Пуцін не пагадзіўся на прапанову ЗША і Украіны аб поўным 30-дзённым спыненні агню паміж Расіяй і Украінай. Пуцін пагадзіўся на 30-дзённае спыненне нападаў на аб'екты энергетычнай інфраструктуры і абмеркаваць дэталі бяспечнага суднаходства ў Чорным моры. Няма пагаднення аб спыненні баявых дзеянняў на сушы».
Былы амбасадар ЗША ў Расіі Майкл Макфол лічыць, што заяве Белага дома ёсць і добрыя навіны: «Добрыя навіны ў тым, што Трамп, відаць, не пагадзіўся на гэтыя вар'яцкія ўмовы (аб спыненні вайсковай дапамогі Кіеву і спыненні мабілізацыі ва Украіне)».
Старшы навуковы супрацоўнік даследчай карпарацыі RAND Самуэль Чарап лічыць, што заява Белага дома пакідае надзею на паступовы прагрэс у бок перамір'я: «Пакінуўшы ў баку палітыку і максімалісцкую рыторыку, паэтапны падыход да спынення агню, узгоднены сёння ў ходзе гэтых тэлефонных перамоў ЗША і Расіі, з'яўляецца магчымым жыццяздольным шляхам да канчатковага спынення баявых дзеянняў».
Чарап мяркуе, што ўзгодненыя ў аўторак прапановы сталі фактычна вяртаннем да двух пагадненняў, якія Расія і Украіна амаль завяршылі абмяркоўваць летась, але так і не перасеклі фінішную рысу.
«Адным з іх было пагадненне аб адмове ад удараў па энергетычнай інфраструктуры, якое, як паведамляецца, правалілася пасля ўварвання Украіны ў Курскую вобласць. Іншым стала пагадненне па суднаходстве ў Чорным моры, якое, па дадзеных Reuters, было амаль завершана вясной мінулага года.
Старт з невялікіх крокаў, якія могуць умацаваць давер і з часам даць кумулятыўны эфект, хутчэй за ўсё, спрацуе лепш, чым спрабаваць неадкладна перайсці ад канфлікту высокай інтэнсіўнасці да поўнага перамір'я. Паглядзім, як усё пойдзе далей, але гэта нядрэнны вынік, калі выказаць здагадку, што ён будзе рэалізаваны і на яго аснове будуць распрацоўвацца больш шырокія дамоўленасці», — напісаў Чарап.
Кіраўнік Савета па знешняй і абароннай палітыцы (гэтая арганізацыя рыхтуе справаздачы для Крамля) Фёдар Лук'янаў таксама лічыць, што перамоўны працэс працягваецца:
«Спробы прадставіць другую размову лёсавызначальнай і вырашальнай не спрацавалі, працэс працягваецца і яго часовыя перспектывы пакуль не ясныя. Гэта, аднак, не прымяншае значнасці дадзенага кроку».
Пры гэтым ён удакладніў, што «ўсё ідзе хутчэй па расійскім сцэнарыі».
«У Маскве не віталі ідэю неадкладнага перамір'я, заявіўшы аб неабходнасці дбайнай прапрацоўкі яго ўмоў, па сутнасці, падрыхтоўкі контуры доўгатэрміновага рашэння», — мяркуе Лук'янаў.
Ацэнку перамовам даў і сам Трамп. «Мая сённяшняя тэлефонная размова з прэзідэнтам Расіі Пуціным была вельмі добрай і прадуктыўнай» і выказаў надзею, што ўдасца выканаць «гэтую працу дзеля чалавецтва», — напісаў ён у сацсетцы Truth Social.