Пуцін назваў умову, калі Расія не будзе прэтэндаваць на Адэсу і іншыя ўкраінскія гарады
19.03.2025 / 9:51
Што магло перадухіліць пачатак поўнамаштабнага ўварвання і што можа зрабіць будучае мірнае пагадненне з Украінай больш трывалым, распавёў «Коммерсант» паводле нібыта атрыманых інсайдаў з закрытай сустрэчы Пуціна.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Фота: Maxim Shemetov / Pool Photo via AP
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на закрытай частцы з'езда РСПП (Расійскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў) 18 сакавіка нібыта сказаў, што прызнанне Крыма ў складзе РФ, а таксама аўтаноміі Луганскай і Данецкай рэспублік магло прадухіліць пачатак вайны. Спецыяльны карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў сцвярджае, што яму пра гэта распавялі ўдзельнікі сустрэчы.
Цяпер на перамовах па ўкраінскім урэгуляванні, паводле той жа крыніцы, гаворка ідзе пра тое, што тэрыторыі, акупаваныя расіянамі, застануцца Расіі.
Таксама Масква можа запатрабаваць прызнаць расійскімі Крым, Севастопаль, ЛНР, ДНР, Херсонскую і Запарожскую вобласці.
І вось калі гэта адбудзецца «ў найбліжэйшы час», то Расія не стане прэтэндаваць на Адэсу і іншыя ўкраінскія тэрыторыі, перадае «Коммерсант», імаверна, арганізаваны зліў слоў Пуціна.