У Мінску два дні можна будзе бясплатна зрабіць флюараграфію
19.03.2025 / 16:41
Праводзіць абследаванне органаў грудной клеткі 21 і 24 сакавіка будуць у мабільных флюараграфах, паведамляе «Минск Новости» са спасылкай на намесніцу галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай працы Мінскага клінічнага цэнтра фтызіяпульманалогіі Наталлю Віславух.
Архіўны здымак: «Минск Новости»
Мабільныя флюараграфічныя сістэмы «Пульмаэкспрэс» будуць працаваць з 9:00 да 16:00. 21 сакавіка апараты будуць знаходзіцца каля цэнтральнага ўваходу на Камароўскі рынак, а 24 сакавіка - на плошчы каля ўнівермага «Беларусь».
Абследаванне ў іх кожны ахвотны можа зрабіць бясплатна. У камандах «Пульмаэкспрэс» будуць урачы-фтызіятры і рэнтген-лабаранты. Вынікі дыягностыкі выдадуць адразу на рукі. Пры сабе пацыентам трэба мець пашпарт або іншае пасведчанне асобы.
Такія хуткія абследаванні ў горадзе праводзяць у сувязі з акцыяй «Белы рамонак - сімвал здаровага дыхання», прысвечанай да Сусветнага дня барацьбы з сухотамі 24 сакавіка.
24 сакавіка ў Мінскім клінічным цэнтры фтызіяпульманалогіі ўсе ахвотныя змогуць атрымаць кансультацыю загадчыка фтызіятрычнага аддзялення. Звяртацца можна з 8:00 да 20:00, пры сабе таксама трэба мець пасведчанне асобы.