БЕЛ Ł РУС

Вось хто той «рэжысёр», які падманам стварыў фільм пра віленскую і беластоцкую эміграцыю

19.03.2025 / 21:21

Nashaniva.com

Аляксей Марцінёнак больш за 15 гадоў працуе ў структурах беларускага тэлебачання, але ніколі не быў на першых ролях. Расказваем пра яго.

Аляксей Марцінёнак у 2016 годзе. Скрыншот з тэлеканала СТБ

Аляксею Марцінёнку 37 гадоў. Па звестках Digital Intelligence Team, ён нарадзіўся і вырас у Мінску.

Вучыўся ў школе №177 ва Уруччы, дзе працавала ягоная маці, а пасля паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

У маладосці Марцінёнак захапляўся рокам, асабліва рускім. Напрыклад, у 2011 ён ездзіў на фестываль «Нашэсце» ў Цвярскую вобласць Расіі.

Зваротная дарога з фестывалю. Фота са старонкі Марцінёнка ў «Аднакласніках»

Тады рокеры выступалі ўсе разам. Напрыклад, у 2011 годзе на фестывалі сыходзіліся Ляпіс Трубяцкі, Воплі Відаплясава, Акіян Эльзы і гурты, якія цяпер горача падтрымліваюць расійскае ўварванне ва Украіну (напрыклад, Аліса, Серьга і Гарык Сукачоў). А на адной тэатральнай сцэне выступалі Вера Палазкова, унесеная цяпер за антываенную пазіцыю ў спіс тэрарыстаў, і Іван Ахлабысцін, які моліцца на Пуціна.

Марцінёнак у рокерскія гады ў Крыме. Нулявыя. Фота з ягоных аднакласнікаў

Марцінёнак трапіў на Беларускае тэлебачанне ў 2008 годзе. Спачатку ён працаваў на СТБ. Акрамя з'яўлення ў эпізадычных ролях у кадры, ён быў эканамістам фінансава-эканамічнага абгрунтавання.

Аляксей Марцінёнак вядзе перадачу «Пяць хвілін». Фота: Аднакласнікі

У 2016 перайшоў на працу ў Агенцтва тэленавін (АТН), але зоркай так і не стаў. Ён здымаецца ў спецпраектах агенцтва тэленавін, удзельнічае ў некаторых праектах. На канец 2024 года Марцінёнак быў на пасадзе палітычнага аглядальніка ў аддзеле аглядальнікаў галоўнай дырэкцыі АТН.

Марцінёнак у складзе дэлегацыі беларускіх медыйшчыкаў у Кітаі ў 2012 годзе. Фота: en.people.cn

Цяпер яго вырашылі паспрабаваць на пасадзе рэжысёра. Падобна, што насамрэч рэжысёрскага досведу ў яго або зусім няма, або небагата.

Аляксей Марцінёнак. Фота з ягонай старонкі Укантакце

У чым яго ўнёсак у стварэнні прапагандысцкага фільма «Чужое неба», не да канца зразумела. Ён прэзентаваны як рэжысёр, але насамрэч абсалютную большасць кантэнту падманутыя эмігранты запісалі самі. Унутры Беларусі запісваўся толькі маналог галоўнай гераіні Юліі Брыкінай-Барысавай.

Чытайце таксама:

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

«Мне сорамна, але я нават не памятаю». Сталі вядомыя новыя падрабязнасці з працэсу здымак эмігрантаў для кіно на БТ

На БТ зрабілі фільм пра тое, як беларусы ледзь выжываюць у Еўропе. Каб запісаць відэа, герояў жорстка падманулі

Каментары да артыкула