БЕЛ Ł РУС

Ва ўсіх ВНУ Беларусі з наступнага года пачнуць вывучаць штучны інтэлект

19.03.2025 / 19:49

Nashaniva.com

Ва ўсіх універсітэтах Беларусі з наступнага навучальнага года з'явіцца дысцыпліна «Асновы выкарыстання тэхналогіі штучнага інтэлекту», паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Андрэй Іванец

«З наступнага года ва ўсіх універсітэтах у нас з'явіцца адпаведны новы курс — дысцыпліна «Асновы выкарыстання тэхналогіі штучнага інтэлекту», якая будзе распрацаваная ў кантэксце канкрэтнай спецыяльнасці пад канкрэтнага спецыяліста», — заявіў Андрэй Іванец.

Міністр адукацыі заявіў, што ШІ і нейрасеткі ўжо ўкараняюцца ў робататэхніцы і IT, а таксама пры падрыхтоўцы новых інжынерных кадраў. Іванец таксама дадаў, што ў нагу з часам ідуць і школы, дзе вучняў вучаць кіраваць дронамі і наземнымі сродкамі беспілотных сістэм.

«Якія прымяняюцца ў шырокім сэнсе гэтага слова — пачынаючы ад сельскай і лясной гаспадаркі, экалогіі і абароны навакольнага асяроддзя, заканчваючы бяспекай і абараназдольнасцю нашай краіны. Безумоўна, мы гэта ўсё актыўна ўкараняем са школьнай лавы», — цытуе Іванца БелТА.

Раней паведамлялася, што ў 2025 годзе ў БДУ адкрыецца набор на спецыяльнасць «Інтэлектуальная электроніка», навучацца якой можна будзе на факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій. 25 чалавек змогуць паступіць на бюджэт, яшчэ некалькі — на платнае аддзяленне. Вучыцца па гэтай спецыяльнасці студэнты будуць чатыры гады. Выпускнікі атрымаюць патройную кваліфікацыю «радыёфізік — інжынер — праграміст».

Таксама ў 2024 годзе ў МДЛУ быў адкрыты прыём на спецыяльнасць «Лічбавая лінгвістыка». Выпускнікі будуць спалучаць у сабе кампетэнцыі мовазнаўца і праграміста і змогуць навучаць сістэмы ШІ.

Чытайце таксама:

Стала вядома, колькі абітурыентаў могуць быць залічаныя ў рэгіянальныя ВНУ без экзаменаў

Беларускія ВНУ спыняць набор студэнтаў на дзясяткі спецыяльнасцяў

БДУ пачне набор на дзве новыя спецыяльнасці

Каментары да артыкула