БЕЛ Ł РУС

У Магілёве пяцярых чалавек асудзілі за падпал кіёска ў жніўні 2020 года

20.03.2025 / 19:14

Nashaniva.com

12 сакавіка суд Ленінскага раёна Магілёва вынес прысуды пяці жыхарам Магілёўскай вобласці. Іх прызналі вінаватымі ў хуліганстве і псаванні маёмасці, піша Mayday.team.

Фота ілюстрацыйнае

Паводле паведамлення магілёўскай пракуратуры, абвінавачаныя ўначы ў жніўні 2020 года падпалілі гандлёвы кіёск у адным са спальных раёнаў Магілёва. Кіёск не згарэў і пацярпелі толькі панэлі ягоных сцен.

Паводле інфармацыі Mayday team, падсуднымі на працэсе былі Яўген Пуцянкоў, Ян Рагаўцоў, Юрый Галачкін, Віктар Ічэнскі і Аляксандр Ігнаценка.

Судзілі мужчын па ч. 2 арт. 218 КК РБ («наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці») і ч. 3 арт. 339 КК РБ («хуліганства»). Працэс ішоў з 4 па 12 сакавіка, вяла яго суддзя Святлана Кацапава.

У выніку адзін з абвінавачаных асуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін 6 гадоў ва ўмовах строгага рэжыму, другі — на 5 гадоў і 6 месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а астатнія трое — на 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Вядома, што на момант суда двое з абвінавачаных ужо адбывалі пакаранне ў калоніях па раней вынесеных прысудах. Верагодна, гаворка ідзе пра Яўгена Пуцянкова і Яна Рагаўцова. Першы ў 2023 годзе быў асуджаны судом Касцюковіцкага раёна за махлярства, другі ў 2024 быў фігурантам крымінальнай справы аб махлярстве і крадзяжы ў судзе Крычаўскага раёна.

Яшчэ двое чалавек да суда знаходзіліся пад вартай, адзін — пад хатнім арыштам.

Чытайце таксама:

Будаўніка, які доўгі час жыў у Расіі, асудзілі ў Віцебску за палітыку. А цяпер абвясцілі «тэрарыстам»

На АНТ знялі фільм пра мытніка, асуджанага за здраду дзяржаве

Японца Наканісі Масатосі асудзілі ў Беларусі да 7 год калоніі 

Каментары да артыкула