БЕЛ Ł РУС

ЗША ўпершыню ўвялі санкцыі супраць Кітая за куплю падсанкцыйнай нафты

20.03.2025 / 20:49

Nashaniva.com

Адміністрацыя Дональда Трампа ўпершыню пакарала Кітай за набыццё нафты, якая знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі. У чацвер Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла ў чорны спіс незалежны кітайскі НПЗ за тое, што ён купляў у Ірана паліва, якое да таго ж было звязана з вайскоўцамі і тэрарыстамі. Гэтая мера можа рыкашэтам ударыць і па пастаўках расійскай нафты, піша The Moscow Times.

НПЗ Shandong Shouguang Luqing. Фота: hanxingenergy.com

Кампанія Shandong Shouguang Luqing Petrochemical з правінцыі Шаньдун стала першым НПЗ у краіне, які Вашынгтон пакараў за куплю нафты ў Ірана насуперак раней уведзеным амерыканскім санкцыям.

Shandong Shouguang Luqing закупіла мільёны барэляў на суму каля 0,5 мільярда даляраў, заявіў амерыканскі Мінфін. Яна атрымлівала нафту, якая перавозіцца судамі ценявога флоту, некаторыя з якіх трапілі пад санкцыі за іх ролю ў забеспячэнні еменскіх хусітаў, якіх у ЗША лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй. Акрамя таго, гэтая нафта звязаная з іранскімі ўзброенымі сіламі і Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Гендырэктар кітайскай кампаніі таксама ўключаны ў чорны спіс.

Гэта ўжо чацвёрты раўнд санкцый, прынятых з таго часу, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 4 лютага абвясціў пра кампанію па аказанні максімальнага ціску на Іран зыходзячы з меркаванняў нацыянальнай бяспекі.

Для гэтага Вашынгтон імкнецца абмежаваць продажы іранскай нафты, у тым ліку каб прымусіць Тэгеран адмовіцца ад праграмы ядзернага ўзбраення.

Амерыканскія санкцыі, хоць і ўведзеныя за аперацыі з іранскай нафтай, могуць паўплываць і на расійскія пастаўкі.

Правінцыя Шаньдун, дзе размешчаны і Shandong Shouguang Luqing Petrochemical, з'яўляецца цэнтрам нафтаперапрацоўкі для прыватных кітайскіх кампаній. Яны актыўна скуплялі расійскую нафту да нядаўняга часу, хоць яе паток скараціўся пасля маштабных санкцый супраць расійскай нафтавай галіны і ценявога флоту, якія 10 студзеня ўвяла адміністрацыя Джо Байдэна.

Невядома, ці набывала Shandong Shouguang Luqing расійскую прадукцыю апошнім часам, але раней яна гэтая рабіла — між іншым, атрымлівала грузы з Расіі падчас пандэміі кавіду, калі цэны на нафту ўпалі пасля таго, як Кітай пачаў абвяшчаць лакдаўны праз распаўсюд каранавірусу.

Чытайце таксама:

ЗША разглядаюць змякчэнне столі цэнаў на расійскую нафту і зняцце санкцый з алігархаў

Не прайшло і месяца, як Трамп узяўся за Мадуру

Крэмль прапанаваў Трампу расійскую нафту і доступ у Арктыку

Каментары да артыкула