Мядзведзь, якога пабачылі два гады таму на Палессі, здаецца, там і пасяліўся
Бураму мядзведзю, чыё з'яўленне ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» пасля больш чым 40-гадовай адсутнасці стала ў 2023 годзе нечаканасцю, выглядае, гэтыя месцы спадабаліся. Фотапастка зафіксавала драпежніка тут зноў 20 сакавіка, што можа сведчыць пра ягоную зімоўку на тэрыторыі парку, паведамляецца на сайце нацпарку.
Выява з камеры-фотапасткі
Першае за доўгія гады з'яўленне мядзведзя ў «Прыпяцкім» навукоўцы зарэгістравалі ў верасні 2023 года. Да гэтага апошні раз яго бачылі тут толькі аднойчы — у 1981 годзе.
Вяртанне драпежніка выклікала вялікую цікавасць у навуковай супольнасці. Тады мядзведзь адзначыўся візітам на пчальнік каля вёскі Славінск Петрыкаўскага раёна, дзе паласаваўся мёдам.
У 2024 годзе восеньскія «візіты» мядзведзяў пачасціліся. Яны шкодзілі пчальнікам у ваколіцах вёсак Таргошын і Снядзін Петрыкаўскага і Хлупін, Перароў ды Перароўскі Млынок Жыткавіцкага. Аднак гэтыя заходы лічыліся транзітнымі, гэта значыць у пошуках ежы.
У той жа час яшчэ ў сакавіку мінулага года мясцовыя жыхары паведамлялі пра свежыя сляды, уключаючы экскрэменты ў журавінавым балоце і сляды кіпцюроў на хвоі з дзікімі пчоламі. Але тады пацвярджэння зімоўкі мядзведзя не было.
Цяпер жа, дзякуючы фотапастцы, у навуковых супрацоўнікаў з'явілася магчымасць не толькі пацвердзіць факт зімоўкі, але і правесці маніторынг меркаванага месца жыцця мядзведзя і сабраць больш інфармацыі пра ягонае жыццё ў парку.
Гэта адкрыццё дало надзею навукоўцам на аднаўленне папуляцыі бурага мядзведзя ў рэгіёне.
Чытайце таксама:
«Усе ногі ў іх». У Камянецкім раёне сутыкнуліся з атакай лясных насякомых
Праз анамальна цёплую зіму ў Беларусі прачнуліся мядзведзі. Гэта можа быць небяспечна
Вызначылі тэрміны палявання на чырвонакніжных мядзведзя і рысь