БЕЛ Ł РУС

Лонданскі аэрапорт «Хітроу» закрылі на суткі праз пажар на падстанцыі

21.03.2025 / 7:47

Nashaniva.com

Лонданскі аэрапорт «Хітроу» будзе закрыты на працягу ўсяго дня ў пятніцу з-за пажару на падстанцыі, якая забяспечвае яго электрычнасцю, паведамілі ў адміністрацыі аэрапорта. Прычына ўзгарання пакуль невядомая, піша Бі-бі-сі.

Фота: Frank Augstein, File / AP

«У сувязі з пажарам на электрападстанцыі, што сілкуе аэрапорт, у «Хітроу» назіраюцца сур’ёзныя збоі ў электразабеспячэнні. Для забеспячэння бяспекі пасажыраў і персаналу аэрапорт будзе зачынены да 23:59 21 сакавіка», — гаворыцца ў паведамленні на сайце аэрапорта.

«Пасажырам раім устрымацца ад паездак у аэрапорт і звязацца са сваёй авіякампаніяй для ўдакладнення інфармацыі. Прыносім прабачэнні за прычыненыя нязручнасці».

«Хітроу» — найбуйнейшы аэрапорт Лондана і адзін з самых загружаных у Еўропе.

Пасля пачатку пажару рэйсы, што накіроўваліся ў «Хітроу», былі перанакіраваныя ў іншыя аэрапорты. «Пакуль пажарныя змагаюцца з інцыдэнтам, у нас няма дакладнага разумення, калі электразабеспячэнне можа быць цалкам адноўлена», — паведаміў прадстаўнік аэрапорта.

У выніку пажару ў раёне Хэйс на захадзе Лондана тысячы дамоў засталіся без электрычнасці, каля 150 чалавек былі эвакуяваныя.

Як паведаміла адна з энергетычных кампаній, больш за 16 тысяч дамоў засталіся без электрычнасці праз маштабны збой, выкліканы пажарам.

«Мы ведаем пра шырокамаштабнае адключэнне электрычнасці, якое закранула многіх нашых кліентаў у раёнах Хэйс, Хаўнслау і прылеглых тэрыторыях», — заявілі ў кампаніі.

У Лонданскай пажарнай брыгадзе (LFB) паведамілі, што атрымалі каля 200 званкоў аб пажары, які ўспыхнуў позна ўвечары ў чацвер. Яго прычына пакуль не ўстаноўлена.

«Гэта вельмі прыкметны і сур’ёзны інцыдэнт, і нашы пажарныя нястомна працуюць у складаных умовах, каб як мага хутчэй узяць агонь пад кантроль», — заявіў памочнік камісара LFB Пэт Гоўлборн.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула