БЕЛ Ł РУС

У Беларусі ствараюць «адукацыйны хаб не горшы за Гарвард». Што гэта будзе?

21.03.2025 / 8:2

Nashaniva.com

Адукацыйны хаб хочуць стварыць на базе БДУ.

Фота: sb.by

«Адукацыйны хаб з сучасным студэнцкім кампусам можа з’явіцца на базе БДУ — канцэпцыя ўжо распрацаваная. У кластар увойдуць вучэбныя карпусы, навуковыя лабараторыі, інтэрнаты, культурна-спартыўны цэнтр. Лекцыі будуць чытаць найлепшыя выкладчыкі краіны — прапануецца выкарыстоўваць кадравы і навуковы патэнцыял не толькі БДУ, але і іншых універсітэтаў, а таксама навуковых і вытворчых арганізацый. Такім чынам, мы пракладзем абсалютна ўнікальную дарогу для выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, для таленавітай і адоранай моладзі школ, гімназій, ліцэяў», — расказаў у інтэрв'ю sb.by міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Хаб будзе «сусветнага ўзору не горшы за Гарвард», піша дзяржаўная газета.

Па словах Іванца, арганізуецца апераджальная падрыхтоўка студэнта.

«Уявіце сабе: спецыяліста з вышэйшай адукацыяй мы падрыхтуем ужо на працягу першых двух з паловай гадоў — у цэнтры на 1—3 курсах будуць інтэнсіўна вывучацца фундаментальныя дысцыпліны. На 4—5 курсах прыярытэт будзе аддадзены практычнай падрыхтоўцы ў базавых арганізацыях. Кожны студэнт будзе ўцягнуты ў навукова-даследчую і практычную дзейнасць. Стажыроўкі для іх будуць праходзіць не толькі ў беларускіх адукацыйных і навуковых цэнтрах, але і за мяжой», — кажа міністр.

Па яго словах, выпускнік новай установы, напрыклад фізік, будзе валодаць сур’ёзнымі ведамі не толькі па сваёй спецыяльнасці, але і ў галіне хіміі, матэматыкі, інфармацыйных тэхналогій — ён зможа працаваць у любой інавацыйнай сферы, а для гэтых мэт будуць распрацаваныя адукацыйныя стандарты новага пакалення, якія будуць істотна інтэнсіфікаваныя ў параўнанні з дзеючымі.

«Запланаваныя чатыры напрамкі навучання: прыкладная фізіка і інфарматыка; прыкладная матэматыка, механіка і інфарматыка; фундаментальная і прыкладная хімія; фундаментальная геаграфія. Безумоўна, не кожны малады чалавек зможа засвоіць прапанаваныя аб’ёмы інфармацыі, таму працэдура адбору для паступлення на гэтыя спецыяльнасці будзе асаблівай. Важна разумець: мы маем намер выпускаць унікальных спецыялістаў з асаблівымі кампетэнцыямі — будучых галоўных інжынераў, тэхнолагаў, канструктараў, кіраўнікоў навуковых арганізацый», — заключыў міністр адукацыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула