20-гадовая ўкраінка знікла ў Дубаі пасля «вечарынкі з шэйхамі». Зараз яна толькі варушыць вуснамі і не можа рухацца
21.03.2025 / 10:54
Марыю Кавальчук знайшлі на адной з дарог Дубая з пераломамі ног і хрыбетніка. Маладая мадэль знаходзіцца ў крытычным стане.
Марыя Кавальчук. Дзяўчына родам з Львова працавала мадэллю і здымала відэа для Onlyfans — платформы з платным эратычным кантэнтам
Украінская мадэль Марыя Кавальчук прыехала ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты 15 лютага. Сябрам яна казала, што хоча адпачыць і падзарабіць на здымках.
9 сакавіка, у дзень свайго 20-годдзя, Марыя адправілася на тусоўку да неназваных мясцовых шэйхаў. На наступны дзень дзяўчына пазваніла маці і разгубленым голасам сказала, што адправіцца ў гатэль да незнаёмцаў, якія запрасілі яе да сябе. Яны, маўляў, маюць дачыненне да мадэльнага бізнэсу.
Пасля гэтага дзяўчына знікла. Яна прапусціла запланаваны вылет у Тайланд і наступныя восем дзён увогуле не выходзіла на сувязь.
Марыя Кавальчук
Дзяўчыну знайшлі на абочыне дарогі ў Дубаі толькі праз восем дзён. Яна ляжала на зямлі і не магла рухацца. У Марыі былі зламаныя рукі, ногі, а таксама хрыбетнік.
У бальніцы дзяўчыне зрабілі чатыры аперацыі, яна знаходзіцца ў крытычным стане. Марыя не размаўляе, толькі ледзь варушыць вуснамі.
Родныя мяркуюць, што мадэль магла трапіць у сэксуальнае рабства, дзе яе некалькі дзён гвалтавалі, а пасля выкінулі.
Падобныя «вечарынкі ў шэйхаў» — адзін са спосабаў заробку для дзяўчат. За прысутнасць на такім мерапрыемстве можна атрымаць немалыя грошы ад 500 даляраў. Пры гэтым існуе шэраг патрабаванняў: рост не ніжэй за 160 см, стройнае цела, добрая скура, узрост — да 23 гадоў.
Існуюць і больш небяспечныя вечарынкі, так званыя Porto Party, на якіх збіраюцца багатыя вычварэнцы. Яны гвалтуюць дзяўчат і здзекуюцца з іх за загадзя агавораную суму. Аднак часам сітуацыя выходзіць з-пад кантролю і сканчаецца калецтвам мадэляў.