БЕЛ Ł РУС

Будучыня беларускага электрамабіля ў тумане: «Магілёўліфтмаш» і «Вымяральнік» робяць занадта дарагія запчасткі

21.03.2025 / 17:31

Nashaniva.com

Серыйны выпуск беларускай «электрычкі» абяцалі наладзіць яшчэ ў мінулым годзе. Але цяпер незразумела, ці будуць яго ўвогуле выпускаць. Машына атрымліваецца занадта дарагая.

Вопытны ўзор першага беларускага электракара. Скрыншот: «Беларусь 1»

У Беларусі выпусцілі пяць першых узораў айчыннага электракара, аднак будучыня серыйнай вытворчасці аўто ў тумане.

Як расказаў намеснік дырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Аляксандр Бялевіч, калі выпусціць электракар цяпер, то ён не вытрымае канкурэнцыі на рынку.

Камплектуючыя для беларускага электракара робяць на «Магілёўліфтмашы», наваполацкім «Вымяральніку» і Першай акумулятарнай кампаніі. Праблема ў тым, што гэтыя камплектуючыя занадта дарагія, паведамляе «Беларусь 1».

«Ключавым пытаннем з'яўляецца пакуль эканамічны складнік. Кошт вось гэтых кампанентаў, вырабленых у нас, на жаль, пакуль вельмі высокі, каб машына была канкурэнтаздольная на рынку. І пакуль не вырашыцца гэтае пытанне, вельмі складана казаць пра тое, што мы сапраўды гатовыя запусціць машыну ў серыйную вытворчасць», — сказаў Бялевіч.

Па яго словах, машыну можна выпусціць, але тады яе трэба прадаваць. А вырабляць электракары дзеля вытворчасці няма ніякага сэнсу.

Вясной 2024-га тагачасны віцэ-прэм'ер Пятро Пархомчык заяўляў, што першыя ўзоры беларускага электрамабіля з'явяцца да восені, а да канца года яго запусцяць у серыйную вытворчасць. Аднак тэрміны зрушыліся, а цяпер увогуле незразумела, ці пачнуць выпускаць беларускія электракары.

Нядаўна Бялевіч адзначаў, што аптымальная цана электракара — 25-30 тысяч долараў. Аднак у цяперашнім выглядзе ён можа каштаваць да 40-50 тысяч.

Чытайце таксама:

«За $50 тысяч ніхто не купіць». Беларускі электракар буксуе: запуск у серыйную вытворчасць зноў перанеслі

Акадэмія навук: Мы можам спраектаваць электрарухавік не горшы чым «Тэсла», але гэта бессэнсоўна

Стала вядома, як падаражэюць імпартныя аўто ў Беларусі

На Wildberries можна замовіць аўтамабілі з прабегам

Каментары да артыкула