БЕЛ Ł РУС

Памёр славуты баксёр-цяжкавагавік Джордж Форман

22.03.2025 / 17:46

Nashaniva.com

У ноч на суботу сям'я праслаўленага баксёра Джорджа Формана паведаміла пра ягоную смерць ва ўзросце 76 гадоў.

Джордж Форман (злева) і Эвандэр Холіфілд у 1991 годзе. Фота: AP Photo/Mark Lennihan

Джордж Форман — ураджэнец Тэхаса. Ён атрымаў перамогу на Алімпіядзе 1968 года, а пасля пачаў кар'еру ў прафесійным боксе, дзе дасягнуў вялікіх поспехаў. У прыватнасці, з 1973 па 1974 год быў абсалютным чэмпіёнам свету.

У 1974 годзе Форман прайграў бой Махамеду Алі ў Кіншасе (тады Заір, а цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга). Бой увайшоў у гісторыю пад назвай «грукат у джунглях». Вынік паядынку стаў нечаканасцю, паколькі фаварытам лічыўся менавіта Форман.

У 1977 годзе Форман пакінуў бокс, стаў хрысціянскім прапаведнікам, дапамагаў моладзі. Але ў 1987 годзе ён вярнуўся і выступаў яшчэ некалькі гадоў.

У 1991 годзе ён прайграў абсалютнаму чэмпіёну свету Эвандэру Холіфілду, але пры гэтым 42-гадовы Форман здзівіў многіх экспертаў тым, што змог даць канкурэнтны бой малодшаму суперніку.

У 1994 годзе ва ўзросце 45 гадоў Форман стаў чэмпіёнам свету па версіях WBA і IBF, атрымаўшы перамогу над Майклам Мурэрам. Прайграючы бой, ён змог адправіць Мурэра ў накаўт у канцы паядынку.

Форман дагэтуль лічыцца самым старым чэмпіёнам свету па боксе ў гісторыі ў цяжкай вазе.

Ён здолеў атрымаць поспех і па-за рынгам. У прыватнасці, Форман зрабіў сабе імя ў бізнэсе: ён стварыў кампанію па вытворчасці электрагрыляў, якія сталі папулярнымі. Амерыканскія СМІ адзначылі, што гэты бізнэс, верагодна, прынёс Форману больш грошай, чым усе ягоныя перамогі на прафесійным рынгу.

Чытайце таксама:

Памёр знакаміты кадэбіст-перабежчык Алег Гардзіеўскі

Памёр былы ўкраінскі прэм'ер, які падпісаў Белавежскія пагадненні

Памёр Бедрос Кіркораў

Каментары да артыкула